Субота, 17 Май 2025

Конкурс грамадскіх ініцыятыў выклікае ўсё больш пытанняў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Віцебскі аблвыканкам ужо некалькі год запар абвяшчае конкурс грамадскіх ініцыятыў, па выніках якога праекты-пераможцы атрымліваюць фінансавыя сродкі на іх рэалізацыю. Праўда, “за кадрам” заўсёды застаецца, якая менавіта ініцыятыва распрацоўвала праект, хто гэтыя людзі і якую частку грамадскасці прадстаўляюць. Селета ўлады маюць намер падтрымаць 11 праектаў, але пра іх сутнасць нічога не гаворыцца, хаця іх можна лічыць грамадска значнымі. Ужо не кажучы пра тое, што на рэалізацыю будуць выдаткаваны бюджэтныя сродкі.

Сярод ініцыятыў, што будуць падтрыманыя, да прыкладу, ёсць такая: стварэнне футбольнага клубу “Футбол на электравазках”. Атрымальнікам фінансавання пазначана віцебская грарадская арганізацыя “Беларускае таварыства інвалідаў”, але хто выступіў з такой ініцыятывай - не тлумачыцца.


Атрымальнікам фінансавання яшчэ двух праектаў стане камунальнае прадпрыемства “Аршанская спецаўтабаза”. Першы праект - стварэнне  памятнага знака ў гонар ліквідатараў наступстваў аварыі на ЧАЭС. Ніхто не ведае, як будзе выглядаць гэты знак і дзе яго плануе ўсталяваць таямнічая грамадская ініцыятыва.  Другі праект - яшчэ больш таямнічы: ён называецца “Выратуем парк” і мае быць рэалізаваным у вёсцы Казловічы Аршанскага раёна. Але ў раёне няма такой вёскі, і тым больш ніхто не чуў пра тамтэйшы парк, які вымагае выратавання. Але  на гэта будзе выдаткавана 18 тысяч рублёў з абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў.

Не ўдалося знайсці дакладных звестак і пра крыніцу каля вёскі Заветнае Сенненскага раёна, якую плануюць добраўпарадкаваць за тыя ж 18 тысяч рублёў бюджэтных сродкаў. Дакладней, крыніца існуе, але ў якім яна знаходзіцца стане, і што плануецца зрабіць - нікому не кажуць. Затое ёсць звесткі, што каля гэтай вёскі актыўна ствараюць мемарыяльны аб’ект: селета каля брацкай магілы загінулых у Вялікай Айчыннай вайне высадзілі новую алею. А за вёскай пасадзілі 16, 5 тысяч саджанцаў бярозы і сасны.

Пытанні выклікае і незвычайны праект “Новае жыццё валуна “Вялікі камень”, на які выдаткуюць больш за 20 тысяч рублёў. На гэтыя грошы плануюць распрацаваць праграму віртуальнай рэальнасці і закупіць VR-акуляры. Ідэя цікавая, але не зразумела ні хто з’яўляецца ініцыятарам, ні хто будзе спажыўцом яе паспяховай рэалізацыі. Грошы атрымае аддзел культуры Шумілінскага раёна.

Ствараецца ўражанне, што за вялікай часткай праектаў-пераможцаў увогуле няма ніякай грамадскай ініцыятывы, тым болей, што грамадскі сектар на Віцебшчыне капітальна зачышчаны. І што з прапановамі найчасцей выступалі прадстаўнікі мясцовай улады.

Марыя Лісава