Чацвер, 30 Красавік 2015

Віцебская праваслаўная эпархія праігнаравала прапанову грамадзкіх актывістаў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Сябры аргкамітэту па стварэньні грамадзкай ініцыятывы «Хайсы» зьвярнуліся ў Віцебскую эпархіяльную ўправу з прапановай ушанаваць памяць людзей, парэшткі якіх былі знойдзеныя ў лесе недалёка ад Віцебску. Прапанова была дасланая яшчэ 11 сакавіка, але дагэтуль актывісты не атрымалі з эпархіі ніякага адказу.

 

Сябры аргкамітэту па стварэньні грамадзкай ініцыятывы мяркуюць, што знойдзеныя імі парэшткі належаць ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў 1930-х гадоў. Яшчэ ў лістападзе 2014 году яны зьвярнуліся ў пракуратуру і Сьледчы камітэт, каб тыя правялі расьсьледаваньне. Сьледчы камітэт распачаў справу, некалькі знойдзеных чарапоў былі адпраўленыя на экспэртызу ў Менск – і на гэтым пакуль усё прыпынілася: экспэртнага заключэньня няма аж дагэтуль.

Летась актывісты ўсталявалі побач зь ямінамі, у якіх былі знойдзеныя парэшткі, некалькі крыжоў. Грэка-каталіцкі сьвятар правёў жалобную службу.

Актывісты мяркуюць, што няблага было б на месцы меркаваных расстрэлаў правесьці набажэнства і паводле праваслаўнага абраду, бо пэўна ж сярод загінулых тут была нямала праваслаўных вернікаў. З просьбай аб гэтым і зьвярнуліся ў эпархію. Таксама яны папрасілі ўсталяваць памятны крыж ды зьвярнуцца да ўладаў з прапановай аб усталяваньні памятнага знаку ў гонар праваслаўных грамадзян, у тым ліку і прадстаўнікоў праваслаўнага духавенства, якія загінулі пакутніцкай сьмерцю ад сталінскага рэжыму.

Мінула ўжо больш за паўтара месяцу, як ліст у эпархію быў дасланы, але адказу няма. Мабыць, у эпархіі лічаць, што царква настолькі аддзеленая ад дзяржавы, што законы, што дзейнічаюць у дзяржаве – у прыватнасьці, закон «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб», які патрабуе даваць адказы цягам пятнаццаці дзён, – для іх ня ўказ?

Зрэшты, зварот у эпархію быў накіраваны яшчэ да таго, як надоечы зьявіліся новыя знаходкі, якія сьведчаць, што колькасьць пахаваных пад Хайсамі значна большая, чымся магло падавацца раней. Актывісты спадзяюцца, што цяпер, хай і са спазьненьнем, праваслаўныя герархі неяк адрэагуюць на іх прапанову – калі не дзеля таго, каб выканаць закон, то  памятаючы пра свой хрысьціянскі душпастырскі абавязак.

Віцебская вясна