Ініцыятар кампаніі па збору сродкаў Глеб Лабадзенка нагадвае, што музэй-сядзіба пісьменьніка ў Бычках была адкрытая ў 2004 годзе. З таго часу плот вакол хаты зусім спарахнеў і вось-вось абрынецца. "А хочацца, каб пад юбілей пісьменьніка, калі сюды прыедуць людзі, усё выглядала хораша”, – піша Лабадзенка.
Паведамляе, што ўжо дамовіўся з раённымі ўладамі. Яны абяцаюць узяць на сябе працы па ўсталяваньні агароджы. Старыя спарахнелыя слупы плянуецца замяніць на мэталёвыя, штыкеціны застануцца драўляныя.
Таксама Вушацкі райвыканкам абяцае ўсталяваць насупраць хаты валун з памятнай дошкай, на якой будзе надпіс: “На гэтым месцы стаяла хата, у якой нарадзіўся народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў”.
Каб паставіць новы плот, трэба за некалькі тыдняў сабраць 3 тыс. рублёў. За некалькі дзён пасьля запуску кампаніі было сабрана пакуль што толькі 500 рублёў.
“Шчыра дзякую ўсім за лайкі і перапосты, але мушу паведаміць сумную рэч: з лайкаў і перапостаў плот і помнік ня зробіш…” – напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку Глеб Лабадзенка.
Зьміцер Міраш