Трэнінг праводзіла менская экспэртка Крысьціна зь ініцыятывы “ProGender” пры арганізацыйнай падтрымцы віцебскага праекту “CLOSET FREE”.
“Збольшага мы працуем з тэмай гендэрнага гвалту. Я стараюся на кожным сэмінары казаць пра гэта, бо гэтая праблема ў Беларусі вельмі вострая”, – расказвае Крысьціна.
Мэта простая – навучыць праз гульню. Рабіць так, каб гуляючы, малюючы, абмяркоўваючы нешта, удзельнікі сваім розумам даходзілі да простых паняцьцяў гендэрнай тэматыкі.
“Даць нейкія простыя паняткі і прымусіць людзей думаць і дыскутаваць на тэму гендэра, гендэрнай роўнасьці і гендэрнага гвалту”, – акрэсьліла мэты імпрэзы экспэртка.
Як удакладніла Крысьціна, праект “ProGender” узьнік у сьнежні 2018 году ў Менску пры падтрымцы моладзевага адукацыйнага цэнтру “Фіальта”. Сама дзяўчына ўжо даўно цікавілася тэмамі правоў чалавека, дыскрымінацыі, пытаньнямі гендэра. Але галоўным штуршком, каб дзейнічаць, паслужыла прамова прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі.
“Калі летась прэзыдэнт сказаў пра тое, што гендэрны гвалт і ўсе прапанаваныя законы – гэта ўсё навязанае нам з Захаду і супярэчыць традыцыйным каштоўнасьцям беларусаў, – мяне гэта вельмі моцна закранула. І захацелася нешта зрабіць. Захацелася абмяркоўваць гэтую тэму з моладзьдзю, казаць пра гэта”, – падзялілася арганізатарка трэнінгу.
На імпрэзы, якія ладзіць Крысьціна, яна імкнецца запрашаць людзей розных поглядаў, у тым ліку прадстаўнікоў рэлігійных канфэсіяў. Гэта дазваляе ствараць дыялёг.
Трэнінг доўжыўся амаль тры гадзіны. Удзельнікі даведаліся пра найбольш распаўсюджаныя гендэрныя стэрэатыпы ў нашым грамадзтве, атрымалі шмат навуковай інфармацыі, выказалі свае меркаваньне, падыскутавалі. Зважаючы на эмоцыі і заангажаванасьць маладых людзей, тэма аказалася сапраўды цікавай і карыснай для іх. Дыялёг адбыўся.
https://vitebskspring.org/news/hramadzjanskija-inicyjatyvy/item/3196-pol-i-gender#sigProId2cf5c05fca
Уладзімер Бяляўскі, фота аўтара