Зь лістапада мінулага году прадстаўнікі грамадзкасьці Віцебшчыны ня могуць дамагчыся ад дзяржаўных структураў Віцебскага раёну выкананьня сваіх наўпроставых прафэсійных абавязкаў. Яшчэ ў траўні сябры ініцыятывы «Хайсы» атрымалі са Сьледчага камітэту Віцебскага раёну паведамленьне пра адмову ў распачынаньні крымінальнай справы. Марудзячы з разнастайнымі экспэртызамі, СК дагэтуль так і ня даў адказаў на галоўныя пытаньні: «Каму належаць знойдзеныя часткі чалавечых шкілетаў і ў які час у лесе зьдзяйсьняліся масавыя забойствы людзей?». Затое ў раённай газэце «Жыццё Прыдзвіння» быў надрукаваны артыкул, аўтар якога паспрабаваў быў пераканаць грамадзкасьць у тым, што гэта марадэры раскапалі магілы ахвяраў нацызму.
Як кажуць сябры ініцыятывы «Хайсы», пазыцыя, выкладзеная ў мясцовай прэсе, і пазыцыя, занятая мясцовымі ўладамі, уражваюць сваёй абыякавасьцю да бязьвінна забітых: ані аўтар артыкулу, ані Мазалаўскі сельскі выканкам, ані Віцебскі раённы выканаўчы камітэт, ані іншыя кампэтэнтныя органы не праявілі ніякай ініцыятывы дзеля пошуку «чорных капальнікаў», якія разрылі амаль сорак месцаў масавага пахаваньня.
Грамадзкія актывісты схіляюцца да думкі, што прамаруджваньне ў гэтай справе з боку ўладных структураў раёну альбо носіць наўмысны характар, альбо сьведчыць пра прафэсійную некампэтэнтнасьць ці незацікаўленасьць у высьвятленьні ўсіх акалічнасьцяў, зьвязаных з падзеямі трагічнай мінуўшчыны. Пераконваюць у гэтым і чарговыя адказы, атрыманыя надоечы зь Віцебскага аб'яднанага гарадзкога ваеннага камісарыяту і Віцебскага раённага выканаўчага камітэту за подпісамі выконваючага абавязкі ваеннага камісара Віцебску і Віцебскага раёну падпалкоўніка А. Асінавіка і намесьніцы старшыні Віцебскага райвыканкаму Ксеніі Карабач. З адказаў вынікае, што высьвятленьне акалічнасьцяў справы адсоўваецца на няпэўны час.
З гэтых адказаў актывісты даведаліся, што ў траўні пасьля атрыманьня інфармацыі зь Віцебскага раённага аддзелу Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь наконт факту выяўленых чалавечых парэшткаў ваенным камісарыятам супольна зь Віцебскім раённым выканаўчым камітэтам быў складзены інфармацыйны ліст. Згодна з заканадаўствам, яго даслалі ва ўпраўленьне па ўшанаваньні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў войнаў Узброеных Сіл для прыняцьця рашэньня аб правядзеньні пошукавых мерапрыемстваў. Аднак пачатак працы пошукавага батальёну будзе наўпрост залежаць ад выніку сьледчых дзеяньняў, якія, нягледзячы на адмову ў распачынаньні крымінальнай справы, тым ня менш вядуцца.
Як піша падпалкоўнік А.Асінавік, «прадстаўніком пошукавага батальёну супольна з прадстаўніком Сьледчага камітэту праведзены агляд месца выяўленых парэшткаў», а «касьцявыя астанкі і спадарожныя прадметы» ўзятыя для правядзеньня экспэртызы. Грамадзкія актывісты кажуць, што само празь сябе такое паведамленьне можна лічыць досыць станоўчым на тле ранейшых фармальных падыходаў, дэманстраваных прадстаўнікамі ўлады. «Але ці паспрыяе гэты факт высьвятленьню праўды, або ўсё робіцца, каб папросту замарудзіць справу – даведаемся праз пэўны час», – кажуць актывісты.
Што тычыцца правядзеньня пахавальных мерапрыемстваў, да ўдзелу ў якіх заклікалі ў сваіх зваротах заяўнікі, то тут падыходы камісарыяту і райвыканкаму крыху розьняцца. Выконваючым абавязкі ваеннага камісара гэтае пытаньне пакінута без разгляду, бо «правядзеньне мерапрыемстваў па пахаваньні (перапахаваньні)..., усталяваньні надмагільных збудаваньняў не ўваходзіць у кампэтэнцыю ваеннага камісарыяту». А вось намесьніца старшыні райвыканкаму спадарыня Карабач паведамляе, што пытаньне перапахаваньня і запрашэньня сьвятароў будзе вырашацца пасьля правядзеньня раскопак і вызначэньня пэрыяду і характару пахаваньня.
«Вонкава ўсе ўладныя структуры строга трымаюцца літары закону. Аднак, пагадзіцеся, тое, што амаль за цэлы год яны, хаця б на крок, не наблізіліся да высьвятленьня акалічнасьцяў рэзананснай справы, мусіць насьцярожыць ня толькі грамадзкіх актывістаў, але і ўсіх неабыякавых людзей. Бюракратычная непаваротлівасьць мяжуе з чэрствасьцю і адчужанасьцю ад праблемаў, стаўленьне да якія ва ўсе часы сьведчыла пра рэальны стан у любой дзяржаве ды грамадзтве. Калі казаць мякка, стан гэты даволі далёкі ня толькі ад элемэнтарных дэмакратычных стандартаў, але і ад звычайнага чалавечага стаўленьня да памяці продкаў», – кажа сябра грамадзкай ініцыятывы «Хайсы» Ян Дзяржаўцаў.