Панядзелак, 05 Лістапад 2018

Ксёндз Вячаслаў Барок: Пакуль мы памятаем, ёсьць ціхая надзея на сьветлую будучыню

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)

3 лістапада, у Зьмітраўскую суботу (паводле бізантыйскай традыцыі), сябры грамадзянскай ініцыятывы «Хайсы» наведалі месцы пахаваньняў рэпрэсаваных у ваколіцах Віцебску. Разам з актывістамі імпрэзе памяці ўдзельнічаў і сьвятар.

Пробашч віцебскага касцёла святога Антонія Вячаслаў Барок асьвяціў пастаўленыя актывістамі крыжы, маліўся ды прасіў Госпада, каб той дараваў правіны людзям, што былі забітыя, а таксама прасіў дараваньня для тых, хто забіваў невінаватых.

Цывільныя могілкі ля вёскі Мазалава

Першым месцам, якое ўшанавалі актывісты, сталіся цывільныя могілкі ля вёскі Мазалава. Тут 28 жніўня 2018 году знайшлі свой спачын парэшткі 302-х рэпрэсаваных, якія былі эксгумаваныя ва ўрочышчы Хайсы. Пахаваньне, на якое сяброў ініцыятывы не запрасілі, стала чарговай спробай з боку ўладаў адтэрмінаваць абвяшчэньне праўды пра злачынствы савецкай улады за часамі Сталіна.

Кажа кіраўнік ініцыятывы «Хайсы» Ян Дзяржаўцаў:

Мы прасілі прадстаўнікоў Мазалаўскага сельсавету, каб знойдзеныя ў Хайсах парэшткі пахавалі тамсама, але на гэта ніхто не зьвярнуў увагі. Злачынцы пакрываюць злачынцаў. І гэта вельмі прыкра. Мы прыехалі сюды, каб ушанаваць людзей, якіх зьнішчала савецкая ўлада на загады з Масквы.

Ксёндз Вячаслаў Барок:

– Выснова напрошваецца адна: мы, як беларусы, як нацыя, ня будзем мець будучыні, калі ня будзем здольныя нанова прачытаць гэтую трагічную старонку нашай гісторыі. Ацэньваючы мінулае, мы ўсьведамляем, што продкі нашыя былі рознымі: адны былі катамі, а другія – ахвярамі. І мы, сёньняшнія нашчадкі катаў і ахвяраў, дзеля пабудовы будучыні мусім знайсьці паразуменьне між сабой. Гэта складаная справа.

Трэба разумець, што мы ніколі не збудуем наш утульны агульны дом, калі не дакранёмся да гістарычнай праўды. Таму вельмі важна, каб былі адчыненыя архівы, каб мы даведаліся праўду пра ахвяраў, і пра тых хто іх забіваў. І гэта абавязкова трэба зрабіць дзеля таго, каб мы спазналі межы таго велізарнага зла, якое адбывалася у той час. Без усьведамленьня межаў зла мы ніколі ня будзем у стане пакаяцца за мінулае.

На гэтых могілках нам трэба маліцца аб духу пакаяньня. І толькі калі пакаемся, будзем мець шанец збудаваць лепшую краіну. Краіну, у якой нам захочацца жыць. Краіну, зь якой ня будуць уцякаць нашыя дзеці. Краіну, у якой будзем мець паўнавартаснае жыцьцё.

Падаецца, што гэта немагчыма, але тое, што немагчыма ў чалавека, магчыма ў Бога. Бог можа зрабіць усё. Молячыся тут, мы можам мець ціхую надзею, што праз шанаваньне нашых памерлых Бог дазволіць нам паяднацца і прымірыцца з нашай гісторыяй.

Вайсковы мэмарыял ля станцыі Лосьвіда

Паводле афіцыйных дадзеных на мэмарыяле пахавалі парэшткі 172 асобаў. Хаця, як лічаць актывісты, людзкіх парэшткаў было значна больш. Улады ня ўзялі пад увагу бясспрэчныя доказы і пайшлі на непрыхаваную фальсыфікацыю. Яны абвясьцілі забітых сталінскім рэжымам грамадзянаў ахвярамі фашыстаў ды ў 2016 годзе пахавалі іх на вайсковым мэмарыяле побач з салдатамі Чырвонай арміі, якія загінулі тут у 1944 годзе.

Ян Дзяржаўцаў:

– Парэшткі праляжалі больш за год у Мазалаўскім сельскім савеце. Столькі часу спатрэбілася ўладам, каб прыняць канчатковае рашэньне. І гэта тады, калі больш за трыццаць апытаных мной грамадзянаў сьцьвярджалі, што ў Хайсах расстрэльвалі рэпрэсаваных. А два чалавекі пацьвердзілі, што ў 1941 годзе рэпрэсаваных у Хайсоўскі лес прывозілі цэлымі вагонамі. Мы прасілі ўлады пахаваць парэшткі там жа, у лесе ля Хайсоў, аднак нас ніхто не паслухаў. Людзей пахавалі, як ахвяраў фашызму. Але ж гэта блюзьнерства.

Будзем жа маліцца, каб тое, што адбылося, ніколі не паўтарылася.

Разважае ксёндз Вячаслаў Барок:

– Чым больш заглыбляесься ў гісторыю чырвонага тэрору, тым больш усьведамляеш, што камуністычны рэжым – сапраўднае зло. І нашая памылка, што мы дасюль не асудзілі камунізм. Ён, як і фашызм, з аднаго поля ягада. І пакуль мы не ўсьвядомім гэтага, ня будзе нам будучыні. Трэба і ў гэтым таксама пакаяцца.

І тое, што ахвяраў камуністычнага рэжыму пахавалі тут каля чырвонай зоркі, ёсьць кпінамі з гэтых людзей, бо яны загінулі ад чырвонай ідэалёгіі. І тут яшчэ раз вырашылі над імі пасьмяяцца.

Па меркаваньнях некаторых, чырвоная зорка – гэта сымбаль зла, сымбаль сатаны. А мы – хрысьціяне, мы шануем крыж, бо гэта сымбаль перамогі Хрыста над сьмерцю, праўды над фальшу і дабра над злом.

Таму зь верай молімся за людзей, якія загінулі ад чырвонага тэрору, ад сталінскіх рэпрэсіяў і просім для іх дараваньня зямных правінаў і жыцьця вечнага.

Народны мэмарыял ва ўрочышча Хайсы

Ва ўрочышчы Хайсы ксёндз Вячаслаў Барок блаславіў крыжы на месцы расстрэлаў і катаваньняў людзей, зьнішчаных чырвоным тэрорам.

Каталіцкі сьвятар адзначыў:

– Калі я стаю тут, мне прыгадваюцца біблійныя словы Яна Багаслова, дзе ён згадвае Армагедон, апошнюю бітву паміж дабром і злом. Але я так думаю, што ня трэба чакаць Армагедону, бо ён ужо пачаўся. І зараз ідзе барацьба паміж дабром і злом. Тое, што адбылося ў гэтым лесе, – злачынства, і няма апраўданьня гэтаму злачынству.

Справа яшчэ ў тым, што злачынства, у якім не пакаяліся, мае такую прыроду, што яно раней ці пазьней паўторыцца. І яно сёньня паўтараецца, калі стаіш у гэтым лесе і бачыш гэтыя косьці, дакранаесься да іх.

Таму перада мной, як сьвятаром, паўстаюць пытаньні, якія я вымушаны задаць уголас: «Калі ляжаць косьці, чаму яны не пахаваныя?», «Дзе супрацоўнікі пракуратуры?», «Дзе супрацоўнікі МУС?», «Чаму ніхто не дасьледуе факт знаходжаньня гэтых касьцей?» І адказ паўстае адзін: «Калі з боку адпаведных органаў ёсьць маўчаньне, то згодна з каталіцкім маральным багаслоўем, той хто маўчыць на зло, той зло робіць. І сёньня зьяўляецца суаўтарам таго мінулага злачынства». Гэта моцнае абвінавачваньне, але па-іншаму немагчыма.

Аднак пакуль мы памятаем, ёсьць ціхая надзея на сьветлую будучыню.

Жалобны маршрут сяброў ініцыятывы «Хайсы» завяршыўся ў Паляях. У месцы, дзе ў далёкім 1996 годзе ўпершыню ўзгадалі пра палітычныя рэпрэсіі і дзе паставілі першы крыж ва ўшанаваньне памяці рэпрэсаваных.

С. Горкі

Пакінуць камэнтар