Паводле ліста з аблвыканкаму, цяпер вывучаюцца вынікі пошукавых прац, якія праводзіліся ў траўні гэтага году з удзелам 52-га пошукавага батальёну і супрацоўніка Інстытута гісторыі Акадэміі навук Алега Іова. Згодна з высновамі навукоўца, «сабраныя знаходкі (гільзы, абутак, манэты, гузікі і г.д.), чарапы з агнястрэльнымі раненьнямі і сам спосаб пахаваньня зьяўляюцца ўскоснымі доказамі масавых рэпрэсіяў пэрыяду 1937–38 гадоў». У лісьце таксама гаворыцца, што неабходна правесьці яшчэ шэраг адмысловых дасьледаваньняў і экспэртызаў, і па выніках будзе прынятае рашэньне наконт наданьня гісторыка-мэмарыяльнага статусу гэтым мясьцінам.
Да якіх высноваў прыйшлі пошукавікі адмысловага 52-га батальёну, у адказе не паведамляецца. Аднак сказана, што ў вобласьці пачаўся пераўлік месцаў масавых пахаваньняў і што «масавыя палітычныя рэпрэсіі 30–40-х гадоў мінулага стагодзьдзя асуджаныя дзяржавай і грамадзтвам».
Старажылы вёскі Хайсы і навакольных вёсак згадваюць пра масавыя расстрэлы ў бліжэйшым лесе, якія адбываліся ў 1937–38 гадах. Мясцовыя ўлады сьпярша ставіліся да іхных успамінаў скептычна, аж пакуль у лесе не пачалі адкрывацца ўсё новыя невядомыя масавыя пахаваньні.
Чалавечыя парэшткі знаходзяць у лесе каля вёсак Хайсы і Дрыкольле з 2014 году. Найверагодней, масавыя пахаваньні зацікавілі «чорных капальнікаў», якія ў пошуках спажывы проста павыкідалі зь зямлі чалавечыя косткі. З ініцыятывамі ўшанаваць памяць ахвяраў, паставіўшы тут мэмарыяльныя знакі, ужо ня першы год выступае грамадзкая ініцыятыва «Хайсы». Рабіць гэта ўлады не сьпяшаюцца, і актывісты самі ўсталявалі ў лесе пад тры дзясяткі мэмарыяльных крыжоў.
У жніўні 2017 году ўдзельнікі ініцыятывы «Хайсы» падалі дакумэнты на рэгістрацыю аднайменнай гістарычна-асьветніцкай грамадзкай арганізацыі. Актывісты мяркуюць, што гэта паспрыяе большаму ўплыву і на пазыцыю ўладаў, і на грамадзкую думку.
БС, svaboda.org