Чацвер, 26 Май 2016

Удзельнікі ініцыятывы «Хайсы» зноў сустрэліся з чыноўнікамі Віцебскага райвыканкаму

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

24 траўня сябры камісіі па ўшанаваньні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў войнаў, створанай пры Віцебскім райвыканкаме, сустрэліся з прадстаўнікамі грамадзянскай ініцыятывы «Хайсы». Грамадзяне задалі чыноўнікам з тузін пытаньняў, але толькі на нешматлікія зь іх пачулі ўцямныя адказы.

Сустрэча адбывалася ў актавай залі Мазалаўскага сельскага савету, дзе старшыня камісіі Ксенія Карабач і сакратарка камісіі Ірына Тарасава адказвалі на пытаньні, пастаўленыя ў калектыўным пісьмовым звароце сяброў ініцыятывы. Гэта была ўжо другая сустрэча службовых асоб райвыканкаму з прадстаўнікамі грамадзкасьці наконт знойдзеных паўтара году таму пахаваньняў паблізу вёсак Хайсы і Дрыкольле.

Распачаўшы сустрэчу, старшыня камісіі зачытала адказ дырэктара Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук на запыт камісіі. У адказе сьцьвярджаецца, што інстытут не валодае ніякімі дакумэнтамі адносна згаданых пахаваньняў. У адрозьненьне ад высновы, зробленай раней археолягам 52-га пошукавага батальёну Вадзімам Таміліным, які заявіў, што даследаванае ім пахаваньне нібыта належыць да часоў вайны, дырэктар інстытуту гісторыі адзначыў, што «...на падставе наяўных матэрыялаў зрабіць дакладнае заключэньне адносна прыналежнасьці пахаваньня да канкрэтнага часавага пэрыяду не ўяўляецца магчымым».

Абапіраючыся на атрыманы адказ, кіраўніца раённай камісіі абвясьціла: «Няма аргумэнтаў ані на вашу, ані на нашу карысьць». Падлавіўшы Ксенію Карабач на гэтай фрэйдаўскай абмоўцы, грамадзкі актывіст Леанід Аляхновіч запытаў яе: «А ў чым тут ваша карысьць?» Адказу на гэтае пытаньне ён так і не дачакаўся...

Кіраўнік грамадзянскай ініцыятывы «Хайсы» Ян Дзяржаўцаў паінфармаваў Ксенію Карабач аб працы, праведзенай сябрамі ініцыятывы за апошні час, аб новай інфармацыі, атрыманай з розных крыніцаў, і выказаў чарговыя аргумэнты на карысьць таго, што ў лесе ля Хайсоў ляжаць ахвяры сталінскага рэжыму... Гэтаксама ён папрасіў чыноўніцу паведаміць пра цяперашняе месца знаходжаньня парэшткаў, паднятых 52-м пошукавым батальёнам. Як выявілася, парэшткі да высьвятленьня ўсіх акалічнасьцяў справы будуць захоўвацца на тэрыторыі Мазалаўскага сельскага савету. Праўда, канкрэтнае месца іх захоўваньня зь невядомых прычынаў названае не было.

Краязнаўца Ўладзімер Іваноў запэўніў раённую камісію, што сябры грамадзянскай ініцыятывы ня маюць якіх-небудзь экстрэмісцкіх, палітычных ці каньюнктурных мэтаў, а кіруюцца выключна пачуцьцём грамадзянскай адказнасьці дзеля аднаўленьня гістарычнай праўды і справядлівасьці. Зьвярнуў ён увагу і на такую акалічнасьць: у сыстэме НКВД існаваў адмысловы загад, які забараняў згадваць месцы расстрэлаў і пахаваньняў. Таму дакумэнтальнага пацьверджаньня таго, што ў лесе на поўнач ад вёскі Хайсы знойдзеныя парэшткі менавіта ахвяраў сталінскага рэжыму, знайсьці немагчыма. І сябры камісіі мусяць гэта разумець.

Паводле словаў краязнаўцы, у такіх варунках камісія падчас прыняцьця рашэньняў мусіць кіравацца ўскоснымі сьведчаньнямі. А ў першую чаргу гэта ўспаміны мясцовых жыхароў, якія ў перадваенны час хаця і былі дзецьмі, але ж з уласных назіраньняў і бацькоўскіх расповедаў ведаюць пра месцы масавых расстрэлаў. Трэба разумець і той факт, што акрамя паднятых пошукавым батальёнам парэшткаў ёсьць і не кранутыя пахаваньні. Менавіта гэтыя пахаваньні, калі эксгумацыю праводзіць прафэсійна, мусяць стаць наўпроставым доказам пры вызначэньні часавай прыналежнасьці знойдзеных там парэшткаў.

Падсумоўваючы, Ксенія Карабач заявіла, што пачула заўвагі, выказаныя грамадзкімі актывістамі. Разам з тым яна падкрэсьліла, што сябры камісіі, якія зьяўляюцца прадстаўнікамі выканаўчай улады, абавязаныя прымаць рашэньні, зыходзячы толькі з неабвержных доказаў. Старшыня камісіі паабяцала, што дасьць супрацоўнікам раённага музэю даручэньне задукамэнтаваць успаміны мясцовых жыхароў пра незарэгістраваныя пахаваньні ў лясным масіве. Усё гэта добра, але паўстае пытаньне: чаму гэтага не было зроблена раней? Бо ўсе сьведкі – людзі сталага веку, многія хворыя, а адзін зь іх нядаўна сканаў. Трэба сьпяшацца.

Нягледзячы на тое, што вонкава сустрэча праходзіла ў канструктыўным рэчышчы, Ксенія Карабач выказала некалькі незразумелых прэтэнзіяў у бок сябраў ініцыятывы. Маўляў, нягледзячы на тое, што пад зваротам стаіць больш за сорак подпісаў, на другую сустрэчу прыяжджае адзін і той жа склад актывістаў. Другой прэтэнзіяй, якая агучвалася ёй некалькі разоў, была заўвага пра адсутнасьць ў складзе ініцыятывы наўпроставых нашчадкаў ахвяраў, забітых у Вераб'ёвым лесе. Якім чынам наяўнасьць грамадзян, што патэнцыяльна маглі б зьяўляцца роднымі расстраляных у гады сталінізму, магла б паўплываць на дзейнасьць ініцыятывы, яна ніяк не патлумачыла. У адказ на такія закіды прысутныя на сустрэчы актывісты падкрэсьлівалі: іхная справа мае важнае грамадзкае значэньне, хаця любыя зацікаўленыя грамадзяне, у тым ліку і сваякі рэпрэсаваных, могуць свабодна далучыцца да ініцыятывы «Хайсы» і стаць яе сябрамі.

С. Горкі

Залагініцца каб дадаць камэнтары