Аўторак, 20 Май 2014

У Віцебску распачаты збор сродкаў на помнік Васілю Быкаву

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Напярэдадні 90-х угодкаў Васіля Быкава створаная ініцыятыўная група па зборы сродкаў на помнік пісьменьніку ў Віцебску. З прапановай усталяваць помнік выступілі шараговыя месьцічы. Ініцыятыўная група зьвяртаецца да жыхароў Віцебшчыны і ўсёй Беларусі, а таксама да грамадзян іншых краін з просьбай узяць удзел у гэтай дабрачыннай акцыі.

Індывідуальныя і калектыўныя ахвяраваньні можна пералічваць на адмысловы рахунак: № 3015095280016, МФО 150801635 у філіяле № 200 ААТ «АСБ «Беларусбанк», г.Віцебску, з пазнакаю «На помнік Быкаву».

Ідэя выказвалася ўжо не аднойчы: з прапановай узьвесьці помнік сусьветна вядомаму пісьменьніку, ураджэнцу Віцебшчыны, выступала Віцебская абласная рада Таварыства беларускай мовы. Да мінулых юбілеяў Васіля Быкава выказваліся і іншыя прапановы: назваць імем Васіля Быкава вуліцы ў Менску, Горадні, Віцебску і Ўшачах, адкрыць мэмарыяльную шыльду на доме ў Менску, дзе жыў пісьменьнік, выдаць канпэрты з партрэтам Васіля Быкава, стварыць музэйную экспазыцыю, прысьвечаную пісьменьніку, у Нацыянальным гістарычным музэі, Віцебскім і Гарадзенскім абласных музэях. Аднак гэтыя прапановы дагэтуль не ўвасабляліся.

Радыё Свабода