Кінапаказ адбыўся 30 студзеня. У фільме ўзялі ўдзел прадстаўнікі розных сацыяльных груп і сэксуальных ідэнтыфікацыяў. Ён раскрывае шырокі спэктар відаў ханжаскага стаўленьня да пытаньняў полу, якое вызначаецца ўстоянай грамадзкай маральлю. Як сьцьвярджаюць аўтары фільму, няведаньне свайго цела, апантанасьць цнатлівасьцю, патрыярхальная рэлігійнасьць, рэпрэсіўнае стаўленьне да меншасьцяў – гэтыя і іншыя праблемы ў праекцыі сучаснай цывілізацыі ня толькі спрычыняюцца да душэўных траўмаў для асобных людзей, але і стрымліваюць разьвіцьцё сацыяльнага прагрэсу.
А пасьля кінапаказу адбыўся свабодны дыялёг, які часам прымаў формы дыскусіі. Падчас яго абмяркоўваліся праблемы гендэрнай асьветы ў Беларусі і талерантнасьці ў пытаньнях сэксуальнай ідэнтыфікацыі.
Адзначым, што многія сярод тых, хто сабраўся, зьяўляліся прадстаўнікамі ЛГБТ-супольнасьці, і таму абмеркаваньне мела зусім канкрэтны характар. Так, казалася, што рэпрэсіўнасьць сям'і, школы, грамадзкага асяродзьдзя ў дачыненьні да тых, хто ўсьвядоміў сябе зьмешчаным па-за сфэрай нарматыўнай гетэрасэксуальнасьці, уяўляе сабой у Беларусі звычайную зьяву. Дзіўна, але дагэтуль у шэрагу віцебскіх школ настаўнікі сьцьвярджаюць недапушчальнасьць сэксуальных стасункаў да шлюбу наогул. На думку ўдзельнікаў дыскусіі, гэта кажа толькі пра бязвыйсьцевую рыгіднасьць іх сьвядомасьці, на якой адбіліся хібы савецкай маралі і цемрашальскай патрыярхальнай рэлігійнасьці.
Сустрэча адбылася дзякуючы намаганьням каардынатара кінаклюбу «Makeout» Сьвятланы Гатальскай і яго мадэратара Андрэя Карпека. Віцебск зьяўляецца трэцім горадам пасьля Берасьця і Гомлі, дзе адбылася гэткая імпрэза. Сьвятлана Гатальская выказала надзею на працяг такіх цікавых сустрэч:
«Гэта наш трэці выязны кінаклюб, і мы спадзяемся, што яны стануць рэгулярнымі. Мы разумеем, што асноўнае засяроджваньне падзеяў знаходзіцца ў Менску, і лічым, што гэта няправільна. Таму імкнёмся як мага часьцей выяжджаць у абласныя цэнтры. Да таго ж, большасьць з тых, хто стварыў «Makeout», самі ня зь Менску. І мы разумеем, што значыць жыць не ў сталіцы і ня мець больш шырокай магчымасьці пагутарыць на гэткія тэмы».
Георгі Каржанеўскі, vkurier.by