Штучная копанка ў Сакольніках пад Віцебскам стваралася для паліваньня гародніны яшчэ ў мінулым стагодзьдзі. У 2010 годзе яе вычысьцілі ад ціны, акультурылі, а берагі засыпалі пясочкам. Але за 9 наступных гадоў сродкі на разьвіцьцё інфраструктуры і ачыстку больш не выдзяляліся.
Што тут ёсьць
У Сакольніках – тры пляжы, але выглядаюць яны, мякка кажучы, несучаснымі, маладагледжанымі, а месцамі нават дзікімі – бітыя бутэлькі, старыя кастрышчы і вецьце вакол. Камунальнікі не сьпяшаюцца прыбіраць. Ці не пасьпяваюць.
Каля вадаёму – абсталяваная пляцоўка для аўто, два “грыбкі” з лаўкамі, тры кабінкі для пераадзеваньня, ратавальны пост, пункт пракату лодак і катамаранаў. Праўда, карыстацца пракатам людзі не сьпяшаюцца: 7 рублёў за гадзіну падаецца замнога, а на паўгадзіны лодку ўзяць немагчыма.
Шкло на пляжы
З боку катэджнага пасёлку маецца месца для заняткаў вэйкбордынгам, але гэта больш для экстрэмалаў. У простых людзей – свой “экстрым” на супрацьлеглым беразе…
“Людзі спраўляюць патрэбу проста ў ваду”
Хтосьці ўжо прызвычаіўся да такога стану і не абураецца – лічыць, што грошы ідуць на больш важныя справы, напрыклад на “Эўрапейскія гульні”. Таму – трэба пацярпець. Іншыя выказваюць сваё незадавальненьне.
“Самае першае для пляжу – туалет, але дзе ён? Таму людзі спраўляюць сваю патрэбу, думаю, проста ў вадзе. І яшчэ дзіва: большасьць людзей адпачывае на гэтым беразе, а ратавальная станцыя – на тым. А калі хто пачне тануць?..” – зьдзіўляецца кабета, якая адпачвае ў Сакольніках з дачкой і ўнукам.
Адзіны біятуалет, у які ніхто ня ходзіць, - далёка...
Жанчына, якая прадставілася Вольгай, таксама зьвяртае ўвагу на адсутнасьць біяпрыбіральняў як на “самую прыкрую нязручнасьць”.
“Людзі бегаюць у кусты! І ня толькі. На ўласныя вочы бачыла, як хлопец гадоў сямнаццаці справіў малую патрэбу ў кабінцы для пераадзяваньня”, – кажа жанчына.
Заўважае таксама, што вельмі бракуе на пляжы лавак, “грыбочкаў” і “парасончыкаў”. А сьметніца стаіць так далёка, што людзі яе папросту не бачаць. Магчымасьці набыць пітной вады ці марозіва адпачывальнікі таксама ня маюць.
“У гэтым годзе пасадзілі бярозкі. Летась тут нічога не было. Бярозкі вялікія, грошы на перасадку пайшлі немалыя, а можна ж было за гэтыя сродкі ўпарадкаваць пляж. Шмат чаго можна было зрабіць! Месца ж добрае”, – далучаецца да размовы віцяблянка Кацярына.
Ратаўнік: Грошай хапіла на адзін туалет
Ратаўнікі на вадасховішчы працуюць увесь сэзон – ад 15 траўня па 15 верасьня. Старэйшы матрос-ратавальнік пасту “Сакольнікі” Мікалай Аўдзееў працуе тут ужо восьмы сэзон. Ён лічыць, што з кожным годам сытуацыя пагаршаецца.
Ратаўнік Мікалай Аўдзееў
“У 2015-м кантэйнэры стаялі вакол усяго возера і хапала сродкаў на іхняе абслугоўваньне. У 2017-м было дзьве прыбіральні – з таго боку і з гэтага. А сёлета хапіла толькі на адзін туалет – на аўтастаянцы, куды адпачывальнікі амаль не заходзяць”, – расказвае ратаўнік.
“Найперш трэба акультурыць пляж – прыбраць ад травы, пачысьціць экскаватарам ці біялягічным чынам ад ціны сам вадаём”, – дадае.
Пэўную пагрозу здароўю адпачывальнікаў нясе і бэтонная прыстань, адкуль людзі, найперш дзеці, даюць нырца. Хацелі яе адсюль зусім прыбраць, але да справы не дайшло. Як расказаў Мікалай Аўдзееў, у 2017 годзе на прыстані траўму атрымала 13-гадовая дзяўчынка, якая зашчаміла нагу ў шчыліне паміж бэтоннымі плітамі – прыйшлося выклікаць МНС…
Прыстань, на якой можна зламаць ногі...
“Ставяцца да людзей як да кароў”
Ужо трэці год за ўладкаваньне пляжу ў Сакольніках змагаюцца віцебскія актывісты БХД. Гэтак, актывістка Тацяна Севярынец кажа, што нейкія зрухі ёсьць. Напрыклад, пасадзілі бярозавы гай. Цяпер ён перашкоджае пад'язджаць на аўтамабілях да самай вады, бо некаторыя давалі нырца наўпрост з аўто. Але з прыбіральнямі – сапраўды бяда, заўважае Тацяна.
Пасадка бярозаў каля вадаёму
“Я хачу сказаць, што ў службаў, якія адказваюць за стан гэтага месца, стаўленьне да людзей такое ж, як да кароў на Магілёўшчыне ці Гомельшчыне, дзе жывёлы стаяць па самае бруха ў гноі. Падаткі зь людзей бяруць, але парадку няма!” – кажа Тацяна.
Паведаміла, што апошні зварот напісала іў абласную санстанцыю. Адказу пакуль няма. Пачакаем…
С. Горкі