Калі пашырылі стары палігон?..
Нагадаем, што ў калектыўным звароце віцябляне зьвярталі ўвагу на тое, што сьмецьцесартавальны завод нельга будаваць на старым палігоне цьвёрдых камунальных адкідаў (ЦКА) ў Агародніках, бо ён ужо выпрацаваў свой ліміт і падлягае кансэрвацыі.
Пра тое, што тэрміны эксплёатацыі гарадзкога сьметніку вычарпалі сябе, яшчэ ў 2013 годзе казаў у інтэрвію дзяржаўнай газэце “Віцьбічы” намесьнік дырэктара прадпрыемства “Спэцаўтабаза” Аляксей Старавойтаў.
Аднак, як сьцьвярджаецца ў адказе з аблвыканкаму, “дзеючы палігон асвойваецца ў тры чаргі”. Паводле чыноўнікаў, цалкам запоўненыя толькі карты першай чаргі і 20% другой і трэцяй чэргаў (іх праектны тэрмін складае 10 гадоў). “Такім чынам, тэрмін эксплёатацыі палігону будзе складаць ня менш за 8 гадоў”, і ён “ня можа быць зачынены да канчатковага запаўненьня ёмістасьцяў”.
Якім чынам стары палігон быў пашыраны (рэканструяваны?), у лісьце не ўдакладняецца.
Затое гаворыцца, што ў 2017 годзе Віцебская гарадзкая інспэкцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя правяла 76 абсьледаваньняў палігону пад Віцебскам і выдала адпаведныя рэкамэндацыі і прадпісаньні па ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
Пытаньні застаюцца
У лісьце з упраўленьня ЖКГ зноў сьцьвярджаецца, што распрацоўка перадпраектнай дакумэнтацыі будаўніцтва смецьцесартавальнага заводу для гораду Віцебску распрацоўваецца “ў мэтах забесьпячэньня максымальнай здабычы і выкарыстаньня другасных матэрыяльных рэсурсаў, а таксама мінімізацыі адкідаў, якія трапляюць на палігон ЦКА”.
Але няма канкрэтнага адказу на прэтэнзіі грамадзян наконт няправільнага, на іх думку, вызначэньня ў дакумэнтацыі межаў санітарна-ахоўнай зоны. Віцябляне прасілі разабрацца, чаму зона ўзьдзеяньня заводу, якая, паводле праекту, складае 1240 мэтраў, перавышае санітарна-ахоўную зону (1000 м) і адлегласьць да бліжэйшых забудоваў (800 м).
“Пляцоўка для праектаванага заводу вызначаная з улікам эканамічнай мэтазгоднасьці, а таксама экалягічных і санітарных рэглямэнтаў”, – адказваюць улады (паперу падпісаў начальнік упраўленьня ЖКГ Віцебскага аблвыканкаму Юры Дзядзёла).
Дакумэнтацыя праходзіць экспэртызу эколягаў
Паведамляецца таксама, што перадпраектная дакумэнтацыя ўжо накіраваная для праходжаньня дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы.
Менавіта экспэрты-эколягі мусяць ацаніць праект наконт ягонай адпаведнасьці патрабаваньням заканадаўства аб ахове навакольнага асяродзьдзя і рацыянальнага выкарыстаньня прыродных рэсурсаў.
Касачы-Копці: калі ж будзе новы палігон?
Нагадаем, што, пачынаючы з 2014 году, у прэсе шмат гаварылася пра іншы праект – палігон і сьмецьцеперапрацоўчы завод у раёне вёсак Касачы-Копці (працы там вяліся з 2012 году). Але ў 2017 годзе фінансаваньне гэтага праекту з сродкаў абласнога бюджэту было прыпыненае.
Між тым, на сайце Віцебскага райвыканкаму быў апублікаваны нядаўна пратакол грамадзкага абмеркаваньня справаздачы аб узьдзеяньні на навакольнае асяродзьдзе гэтага самага аб’екту (ніякіх заўвагаў грамадзян не зафіксавана). То бок крыж на будаўніцтве новага палігону і заводу (Касачы-Копці) таксама не пастаўлены. Сочым за падзеямі.
Для даведкі: больш за 300 тыс. кубамэтраў сьмецьця – за дзень
Будаўніцтва сьмецьцесартавальнага заводу пад Віцебскам (Агароднікі) плянуюць пачаць у 2018 годзе. Як мяркуюць, яго прадукцыйнасьць будзе складаць 100 тыс. тонаў сьмецьця за год з выбіраньнем другасных матэрыяльных рэсурсаў.
Паводле “Віцьбічаў” (2013 год), на звалку ад пачатку яе эксплёатацыі (1972) было зьвезена 20 млн. м3 цьвёрдых камунальных адкідаў. Штодзень туды трапляе ў сярэднім 312,8 тыс. м3 сьмецьця.
Зьміцер Міраш