Аўторак, 27 Кастрычнік 2015

Палачане змагаюцца за кожнае дрэва

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Зьнішчэньне дрэў у прывакзальным сквэры Полацку прыпыненае. На 27 кастрычніка сьпілаванае адно дрэва з чатырох прысуджаных да зьнішчэньня. Полацкая мясцовая ўлада ў адказ на скаргі правяла сход зь месьцічамі на месцы рэканструкцыі сквэру. Жыхары Полацку, ня згодныя з тлумачэньнем уладаў і ходам работ, зноў накіравалі скаргу ў адміністрацыю прэзыдэнта.

Сход у сквэры праводзіў 14 кастрычніка намесьнік старшыні райвыканкаму Аляксандар Міхалевіч. На сходзе прысутнічалі будаўнікі і прадстаўнікі абласнога камітэту аховы навакольнага асяродзьдзя зь Віцебску і Наваполацку. Чыноўнікі сьцьвярджалі, што яны мінімізавалі зьнішчэньне дрэў да чатырох (на пачатку рэканструкцыі сквэру плянавалася сьпілаваць 18 дрэў).

Будаўнікі чакаюць узгадненьня

Начальнік аддзелу Віцебскага абласнога камітэту прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Кагалёнак Ірына Яўгенаўна заявіла, што дадатковыя ўзгадненьні для сьпілоўкі дрэў не патрэбныя. Аднак пасьля сходу ўжо два тыдні дрэвы застаюцца некранутымі. Як сказаў прараб Павал, няма ўзгадненьня з Наваполацкай гаррайінспэкцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя. Паводле слоў прараба, будаўнікі маюць намер скончыць рэканструкцыю сквэру безь сьпілоўкі дрэў, обнёсшы іх бардзюрамі.

Рэальнасьць разыходзіцца з праектам

Палачане на сходзе ў сквэры 14 кастрычніка зьвярнулі ўвагу намесьніка старшыні выканкаму Міхалевіча на адсутнасьць зялёных парковак для аўтатранспарту, уладкаваньне якіх прадугледжанае праектам рэканструкцыі. У чарговай скарзе людзі са зьдзіўленьнем пытаюцца: што маецца на ўвазе пад тэрмінам «зялёная паркоўка для аўтатранспарту»? Згадка пра такую паркоўку зьмяшчаецца ў публікацыі газэты «Полацкі веснік» ад 2 кастрычніка 2015 году. На будаўнічым аб'екце ўкладваецца звычайная тратуарная плітка шэрага колеру. У чарговай скарзе палачане цікавяцца: ці падаўжаліся тэрміны дзяржаўнай экспэртызы праекту, а калі ў праект ўносіліся зьмены, то ці праводзілася яго паўторная экспэртыза і зацьверджаньне?

Помнік у сквэры

Паўстала на сходзе і пытаньне пра помнік Леніну. Помнік - стары, з фарбай, што адслойваецца, і на пастамэнце, які разбураецца. Знаходзіцца на балянсе мясцовай улады. Палачане прапаноўвалі перанесьці гэты стары помнік на тэрыторыю «Кургану Неўміручасьці», на што атрымалі адказ спадара Міхалевіча: Мы з помнікамі не змагаемся. На гэта палачане пярэчаць: Гэта не барацьба з помнікам, а паляпшэньне прасторы. Тым больш, што помнік Леніну стаіць сьпіной да вакзалу і гасьцей гораду.

З адказаў дзяржорганаў

У верасьні палачане напісалі скаргі наконт сквэру ў раённы выканкам, у пракуратуру і адміністрацыю прэзыдэнта. Прычым калектыўную скаргу ў Полацкі райвыканкам заносіла кандыдат у прэзыдэнты Тацьцяна Караткевіч, калі прыяжджала на сустрэчу з жыхарамі Полацку.

Адміністрацыя прэзыдэнта перанакіравала калектыўны зварот у Віцебскі абласны выканаўчы камітэт, які і даў адказ. З адказу вынікае, што ўсе работы вядуцца ў адпаведнасьці з распрацаваным і зацьверджаным праектам, які прайшоў неабходныя экспэртызы.

 Аналягічны адказ былі атрыманы з Полацкага райвыканкаму.

Пракуратура Полацкага раёну наогул адмовілася разгледзець калектыўны зварот па сутнасьці, паведаміўшы ў якія арганізацыі неабходна зьвяртацца.

Аляксандар Марозаў, Віцебская вясна