Аўтар пэтыцыі Вера жыве ў Менску. Гасьцюючы ў нашым горадзе, наведала заапарк і жахнулася: “Іржавыя паламаныя клеткі, недагледжаныя жывёлы, зубар знаходзіцца ў цесным вальеры, уся тэрыторыя якога пакрытая брудам…”
“Калі вярнулася дадому, вырашыла стварыць пэтыцыю. Проста вельмі шкада стала гэтых зьвярушак”, - расказала Вера.
Дырэктар заапарку: “Са зьвярамі ўсё ў парадку”
Дырэктар віцебскага заапарку Ірына Арлова паставілася да інфармацыі пра чарговую пэтыцыю спакойна. “Хай сабе людзі падпісваюць – можа, хутчэй наступяць перамены”. “Толькі акцэнт у пэтыцыі варта было б зрабіць не на зьнясіленых жывёлах, зь якімі ўсё ў парадку, а на неабходнасьць падтрымкі і дапамогі, найперш – з боку гарадзкога кіраўніцтва”, - дадае.
Ірына Арлова зь віцебскім ягуарам Яго
Як расказала Ірына Арлова, зь 2016 году горад скараціў субсыдыі на ўтрыманьне заапарку да самага мінімуму (20%). Грошы выдзяляюцца толькі на заробкі працаўнікам, на астатняе (кармы, камуналка і г.д.) вымушаныя зарабляць самастойна. Паводле дырэктаркі, гэта адзіны ў Беларусі заапарк, які выжывае за свой кошт ды яшчэ ўмудраецца выплачваць падаткі і рабіць бягучыя рамонты. Рыхтык камэрцыйнае прадпрыемства.
“Хаця заапаркі ніколі не былі камэрцыйнымі прадпрыемствамі, і дзяржава заўсёды іх фінансавала, бо функцыя заапаркаў – не зарабляць грошы на пракорм, а захоўваць рэдкія віды жывёлаў і праводзіць асьветніцкую працу сярод людзей”, - тлумачыць Ірына.
Дадае, што пры гэтым установа мусіць яшчэ ўтрымліваць і карміць жывёлаў, якія знаходзяцца ў недабудаваным заасадзе ў мікрараёне Білева (там жывуць лані і козы). Білеўская пляцоўка не дае аніякага прыбытку, бо ўваход для наведнікаў там бясплатны. Жывёлаў даглядаюць чатыры супрацоўнікі, якія працуюць у непрыдатных умовах – безь сьвятла і вады (па ваду ходзяць на суседнюю запраўку).
Некалі (за часамі Косінца) грандыёзны праект, білеўскі заасад ператварыўся ў чарговы доўгабуд і лёг фінансавым цяжарам на плечы існуючага заапарку. Штогод вымагае каля 40 тысяч рублёў. Ірына Арлова сьцьвярджае, што пераяжджаць у тое месца, якое на цяперашні момант ня мае нават камунікацыяў, было б забойствам. “Вось там мы сапраўды загінем”, - кажа.
“Альбо будаваць у Білеве штосьці сапраўды грунтоўнае, як і плянавалася паводле першапачатковага праекту – з экзатарыюмам, з дабротным адміністрацыйным будынкам, з кавярнямі і г.д. Альбо заставацца на старым месцы, а тыя ж 40 тыс. рублёў укласьці ў існуючы заапарк. Было б нашмат больш карысьці”, - мяркуе дырэктар.
“Тут зручнае месца, і плошчы насамрэч дастаткова, можна пашырыць вальеры, пабудаваць раскошную малпоўню замест во гэтых халуп, якія даводзіцца штогод лапіць за свае ж грошы. І калі тут акультурыць тэрыторыю і пабудаваць цёплыя памяшканьні, мы наогул перастанем прасіць у гораду грошай і будзем цалкам акупляцца”, - запэўнівае Ірына Арлова.
Дагледжаныя жывёлы на фоне галечы
А вось наконт “недагледжаных жывёлаў” дырэктарка папросту жартуе: “Глядзіце, вунь той зубар “зьнікаючы” гойсае па сваім “маленькім вальеры” – 400 квадратных мэтраў”. Пяцігадовага віцебскага зубра завуць Барысам. Ён ні на крок не адстае ад сваёй “гаспадыні”, ідучы ўздоўж агароджы падчас нашай выправы па заапарку.
Зубар Барыс
“Бруд, кажаце? А як вы сабе ўяўляеце месца, па якім штодзень топчацца жывёліна, якая важыць больш за тону? Мы ж ня можам тут бэтон пакласьці. Натуральныя ўмовы для зубра. Гэта яшчэ добра, што аўтарка пэтыцыі не патрапіла ў заапарк адразу пасьля залевы, была б яшчэ больш уражаная…” – заўважае Ірына.
“І ведаеце, жывёлы нашы насамрэч у вельмі добрым стане. Зьнясіленых, змардаваных і хворых тут папросту няма. І тыя, хто разумее ў гэтым, яны кажуць: “Дзіўна, дагледжаныя жывёлы на фоне галечы”, - дадае дырэктарка.
Улады: “У нас няма магчымасьці – абыходзьцеся сваімі сіламі”
Расказвае, што сёлета пашырылі вальер і зрабілі “вуліцу” для янота, усталявалі мэталёвую агароджу для вярблюдаў, адрамантавалі сходы. Дырэктарка частуе цукеркай мядзьведзя, лашчыць ягуара Яго і атрымлівае пяшчотны пацалунак ад вярблюдзіцы Асі.
Вярблюдзіца сустракае "гаспадыню заапарку" прывітальным пацалункам.
Самым праблемным месцам заапарку зьяўляецца малпоўня, балазе ўлетку малпы маглі жыць у вулічным вальеры. Але наперадзе зіма, дах патрабуе капітальнага рамонту. Дарэчы, узімку вальеры абаграваюцца з дапамогай звычайных печак (і гэта ў XXI стагодзьдзі ў цэнтры гораду!). На сэзон – 60 кубамэтраў дроў. Яшчэ адзін артыкул выдаткаў.
Малпы пакуль што ў вонкавым вальеры, але што будзе, калі надыдуць халады?..
Таксама балючая тэма – аварыйныя дрэвы. Адно зь іх павалілася падчас сёлетняга “Славянскага базару”. Пашанцавала – ніхто з наведнікаў не пацярпеў, хаця на той момант у заапарку было нямала дзяцей. Ірына Міхайлаўна кажа, што ўжо неаднаразова пісала паперы ў розныя інстанцыі, але безвынікова: “Мне кажуць: у нас няма магчымасьці – абыходзьцеся сваімі сіламі”.
Яны тут ня гінуць. Яны ратуюцца
Нашу выправу перарывае тэлефонны званок. Дырэктар адказвае ў слухаўку і прапануе аўтару гэтых радкоў дапамагчы прыняць чарговых навасёлаў. Аказалася, мясцовыя жыхары прывезьлі з дачы, з-пад пасёлку Кастрычніцкі, пару маладых лебедзяў, якія не пасьпелі стаць на крыло і прыйшлі да людзей па дапамогу.
У заапарку - папаўненьне.
“Там у нас балота такое было, дзе лебедзі жылі. Дык газавікі яго асушылі, калі трубы пракладалі. Вады зусім мала засталося. Але і сёлета там лебедзі жылі. Дарослыя птушкі яшчэ на тым тыдні пакружылі-пакружылі ды паляцелі, а гэтыя яшчэ як сьлед лятаць не навучыліся. Ну і пайшлі да людзей. Мэтраў 50 з таго балотца да нашай дачы тупалі”, - распавёў адзін з “выратавальнікаў”.
Ірына Арлова кажа, што два дні таму ў заапарк адтуль жа прывезьлі яшчэ аднаго лебедзяня.
“Перазімуюць у нас, а потым ужо іх справы – ляцець альбо заставацца. Але, ведаеце, ад нас яшчэ ніводны не зьляцеў…” – гаворыць дырэктар.
Усяго ў віцебскім заапарку знаходзіцца 76 відаў жывёлаў (больш за 220 асобін). Паводле падлікаў, калекцыя заапарку на 80% складаецца з выратаваных жывёлаў. Яны тут ня гінуць. Яны ратуюцца. Тыя ж лебедзі, тая ж мядзьведзіца, якая была аддадзеная з цырку як адпрацаваны матэрыял, тыя ж лісы, выратаваныя ад браканьераў, ласі і г.д… І калі б кіраўніцтва гораду кіравалася б найперш разумным сэнсам, гэтую справу можна было б рабіць яшчэ больш эфэктыўна.
Мядзьведзіца дзякуе за цукерку. Ці ёсьць у яе надзея на больш камфортнае жыцьцё?..
Зьміцер Міраш, фота аўтара