Нядзеля, 23 Чэрвень 2024

Ваенны камісар Глыбокага кажа, што ядзерныя вучэнні маюць міралюбівы і абарончы характар

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Сяргей Краснадубскі Сяргей Краснадубскі

Беларусь і Расія праводзяць другія вучэнні з нестратэгічнымі ядзернымі сіламі. Пра іх нават на сваіх сайтах пішуць мясцовыя раёнкі Віцебшчыны. І калі некаторыя падаюць матэрыял у агульным плане адпаведна з дзяржаўным прэс-рэлізам, то сайт глыбоцкай раёнкі “Веснік Глыбоччыны” ўзяў на гэты конт каментар у ваеннага камісара Глыбоцкага і Шаркаўшчынскага раёнаў Сяргея Краснадубскага.

Ён кажа, што лічыць удзел падраздзяленняў Узброеных Сіл Беларусі ва ўдзеле з нестратэгічнымі ядзернымі сіламі Узброеных Сіл Расіі важным крокам для забеспячэння калектыўнай бяспекі і абароназдольнасці Беларусі. Паводле Краснадубскага, у сучасным свеце назіраецца нарастанне напружанасці і агрэсіўных дзеянняў з боку некаторых дзяржаў, таму неабходна праявіць гатоўнасць і здольнасць да адэкватнага рэагавання на магчымыя пагрозы.

“Удзел у гэтых вучэннях дазваляе не толькі ацаніць гатоўнасць і эфектыўнасць нашых узброеных сіл ва ўмовах рэальнага ваеннага канфлікту, але і павысіць узровень каардынацыі і ўзаемадзеяння з арміямі саюзных дзяржаў. Гэта дазваляе стварыць больш эфектыўную сістэму калектыўнай бяспекі, якая ўмацоўвае салідарнасць і давер сярод удзельнікаў”, - кажа ваенны камісар.

Як сцвярджае Сяргей Краснадубскі,  удзел у вучэннях з ядзернай зброяй з'яўляецца важным сігналам гатоўнасці да самаабароны і абароны інтарэсаў дзяржаў у выпадку рэальнай пагрозы.

“Разам з тым, гэта таксама дазваляе падтрымаць міралюбівы і абарончы характар ​​нашай палітыкі, якая чакае канструктыўнага дыялогу і супрацоўніцтва з міжнароднымі супольнасцямі”, - працягвае ваенны камісар.

На яго думку, удзел у згаданых вучнях - гэта не толькі прафілактычная мера нацыянальнай бяспекі, але і стратэгічна важная ініцыятыва, накіраваная на забеспячэнне міру і стабільнасці ў рэгіёне.

“Разумнае падтрыманне абарончага патэнцыялу і гатоўнасці да дзеянняў у крызісных сітуацыях з'яўляюцца неад'емнай часткай забеспячэння бяспекі і дабрабыту нашай дзяржавы і яго грамадзян”, - падсумоўвае Сяргей Краснадубскі.

Раман Гушчын