Нядзеля, 19 Май 2024

Браслаўскі райвыканкам зацвердзіў інструкцыі па правядзенні штогадовага конкурсу на лепшую добраахвотную дружыну

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

На правядзенне конкурсу і ўзнагароджанне пераможцаў будуць выдзеленыя сродкі з раённага бюджэту. Такім чынам улады стараюцца падняць імідж сілавых структур у жыхароў Браслаўшчыны.

Паводле рашэння Браслаўскага райвыканкама ад 7 сакавіка 2024 года №288, штогадовы агляд-конкурс на званне «Лепшая добраахвотная дружына» і «Лепшы дружыннік» праводзіцца ў мэтах прапаганды дзейнасці добраахвотных дружын і актывізацыі працы па прыцягненні грамадскасці да ўдзелу ў ахове грамадскага парадку на тэрыторыі Браслаўскага раёна.

Браслаўскія ўлады збіраюцца выяўляць лепшыя дружыны і дружыннікаў, якія забяспечваюць падчас рэйдаў, дзяжурстваў высокую рэзультатыўнасць па папярэджанні правапарушэнняў і затрыманні правапарушальнікаў.

Таксама рашэннем прадугледжана выяўленне найбольш падрыхтаваных членаў добраахвотных дружын і стварэння з іх ліку рэзерву для службы ў органах унутраных спраў. Дзеля гэтага будзе выдзеленая матэрыяльна-фінансавая падтрымка, яна будзе накіраваная і на абагульненне,  распаўсюд вопыту работы лепшых добраахвотных дружын.

Такім чынам улады збіраюцца фармаваць пазітыўнае ўспрыманне членаў гэтых дружын з боку насельніцтва Браслаўскага раёна.

Браслаўскія ўлады спадзяюцца на зніжэнне крымінальнай абстаноўкі ў Браслаўскім раёне, удасканаленне работы па духоўна-маральным і прававым выхаванні грамадзян.

У конкурсе на тэрыторыі Браслаўскага раёна будуць прымаць удзел добраахвотныя дружыны, створаныя і зарэгістраваныя ва ўстаноўленым парадку райвыканкамам. Працу па падрыхтоўцы і правядзенні агляду-конкурсу будуць весці раённы штаб, сельскія выканаўчыя камітэты, аддзел унутраных спраў райвыканкама.

Для ўдзелу ў аглядзе-конкурсе добраахвотныя дружыны да 10 студзеня года, наступнага за справаздачным, павінны прадставіць у раённы штаб наступныя дакументы:

дакументы аб выніках сваёй дзейнасці за год з указаннем кандыдата на званне "Лепшы дружыннік";

спіс дружыннікаў з указаннем часу заснавання добраахвотнай дружыны,

колькасць дружыннікаў, прозвішча, імя і імя па бацьку камандзіра дружыны.

Аддзел унутраных спраў райвыканкама прадстаўляе да 10 студзеня года, наступнага за справаздачным, у раённы штаб свае справаздачы аб эфектыўнасці працы добраахвотных дружын у забеспячэнні правапарадку па выніках працы за год, у тым ліку колькасці выхадаў членаў добраахвотных дружын на ахову правапарадку, удзелу ў складанні адміністрацыйных пратаколаў і раскрыцці злачынстваў.

Правядзенне пасяджэння раённага штаба, вызначэнне пераможцаў па выніках работы за год, прадастаўленне дакументаў на разгляд райвыканкама ажыццяўляецца да 10 лютага года, наступнага за справаздачным.

Вынікі агляду-конкурсу будуць вызначацца сумай балаў па наступных паказчыках:

колькасць выхадаў на дзяжурствы членаў добраахвотных дружын;

колькасць злачынстваў, раскрытых з удзелам дружыннікаў;

колькасць адміністрацыйных пратаколаў па фактах правапарушэнняў, складзеных з удзелам дружыннікаў;

адпаведнасць іх дзейнасці заканадаўству;

аказанне практычнай дапамогі органам унутраных спраў у прафілактычнай рабоце, якую яны праводзяць.

Узнагароджваць пераможцаў агляду-конкурсу Браслаўскі райвыканкам будзе ажыццяўляць наступным чынам:

пераможца агляду-конкурсу на званне "Лепшая добраахвотная дружына" будзе ўзнагароджаная дыпломам райвыканкама і грашовай прэміяй памерам 15 базавых.велічынь, якая накіроўваецца для прэміравання членаў дружыны ў залежнасці ад асабістага ўкладу кожнага;

пераможца агляду-конкурсу на званне "Лепшы дружыннік" будзе ўзнагароджаны дыпломам райвыканкама і грашовай прэміяй памерам 2 базавыя велічыні.

Узнагароджанне пераможцаў агляду-конкурсу будзе праводзіцца штогод у рамках святкавання дня міліцыі старшынём або намеснікам старшыні райвыканкама, які курыруе пытанні аховы грамадскага парадку.

Фінансаванне расходаў, звязаных з выплатай грашовых прэмій, вырабам дыпломаў райвыканкама, набыццём букетаў кветак, будзе ажыццяўляцца за кошт сродкаў раённага бюджэту.

Зміцер Жураў