“Гэта сведчыць пра тое, што бязвіз па-ранейшаму карыстаецца папулярнасцю сярод грамадзян сумежных дзяржаў”, - кажа Дзяніс Глебка.
Паводле яго, людзі задаволеныя рашэннем Лукашэнкі і не хаваюць сваіх эмоцый. Шматлікія наведваюць родных, звяртаюцца ва ўстановы аховы здароўя па медыцынскія паслугі і па аказанне касметалагічных працэдур. Хтосьці мае культурныя мэты, накіроўваецца на шопінг.
“У Латвіі, Літве і Польшчы забаронены беларускія і расейскія тэлеканалы, таму аб нашым паўсядзённым жыцці іх жыхары даведаюцца са слоў знаёмых, якія ўбачылі сітуацыю на свае вочы, а гэта самая лепшая рэклама. Калі раней адзначалі актыўнасць толькі жыхароў прыгранічных раёнаў, то зараз у нас шмат гасцей з усёй Латвіі, Літвы і Польшчы”, - заяўляе Глебка. Толькі вось не ўдакладняе, што забароненыя ў гэтых краінах толькі беларускія ды расійскія прапагандысцкія тэлеканалы, а незалежныя каналы людзі глядзяць з задавальненнем. Ды і сваімі вачыма замежнікі бачаць розныя сітуацыі, а не толькі пазітыўныя, і гэтая рэклама часам не на карысць уладаў Беларусі.
Паводле прадстаўніка Полацкага пагранатрада, перад навагоднімі святамі ён прагназуе, што пасажырапаток узрасце, і яны гатовыя да гэтага. Але на сёння дзейнічае толькі адзін пункт пропуску - Патэрніекі з латвійскага боку і Грыгараўшчына з беларускага. Наўрад ці падчас навагодніх святаў на памежных пунктах штосьці зменіцца, бо перад Калядамі на ўсіх памежных пунктах пропуску з краінамі Польшчы, Літвы і Латвіі былі вялікія чэргі, у якіх уладальнікам легкавых машын даводзілася стаяць нават па 54 гадзіны, а вялікагрузам і таго больш.
“Мы адкрыты і гасцінныя. Многія, пазнаёміўшыся з нашай краінай, выбіраюць яе для пастаяннага месца жыхарства, некаторыя нават атрымліваюць грамадзянства. Беларусь стварае ўсе ўмовы не толькі для сваіх грамадзян”, - падсумаваў Дзяніс Глебка.
А якія “добрыя” ўмовы ствараюцца ў Беларусі для сваіх грамадзян шматлікія жыхары краін Балтыі і Польшчы ведаюць, бо цікавяцца палітыкай не толькі сваіх краін. Але, канешне, знаходзяцца і тыя, хто давярае рэжыму Лукашэнкі, нагледзеўшыся прапаганды, пераязджаюць у Беларусь, а пасля, калі сутыкаюцца з рэальнасцю, шкадуюць пра такія рашэнні.
Леанід Лукаў