У некаторых раёнах вобласці асобныя аграгарадкі не забяспечаны належнымі фізкультурна-спартыўнымі збудаваннямі. У шэрагу выпадкаў аб выкананні нарматываў у сферы фізічнай культуры і спорту "справаздачацца" закінутымі, нідзе не зарэгістраванымі плоскаснымі збудаваннямі са ржавеючым састарэлым спартыўным абсталяваннем або старымі школьнымі стадыёнамі, якія знаходзяцца ў нездавальняючым стане.
У Віцебскім раёне ў адной з сельскіх школ не хапае камп'ютараў, пры ўстаноўленым нарматыве сацыяльнага стандарту - адзін камп'ютар на 10 навучэнцаў 5-11 класаў або два камп'ютарныя класы на ўстанову.
Як аказалася, выкананне нарматыву ў сферы культуры па паказе фільмаў у некаторых раёнах толькі імітуецца.
Ва Ушацкім раёне згодна з графікамі работы сельскіх клубаў, размешчаных у аграгарадках, паказы фільмаў павінны ажыццяўляцца практычна кожны дзень. Пры гэтым афішы і кінаматэрыял у сельскіх дамах культуры адсутнічалі, у адным з аграгарадкоў мясцовыя жыхары не пацвердзілі паказы. У гарадскім пасёлку згодна з афішай днём павінен быў ажыццяўляцца паказ мультфільма. На момант наведвання работнікамі Камітэта дзяржкантролю вобласці дыск з фільмам адсутнічаў, устаноўка для паказу гатова не была.
Таксама ў некаторых раёнах фармальна выконваюцца нарматывы ў галіне грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання.
Напрыклад, у адным з аграгарадкоў Браслаўскага раёна з колькасцю жыхароў больш за 1000 чалавек ёсць кафэ, аднак працуе аб'ект толькі па замовах насельніцтва (памінкі, юбілеі).
У комплексным прыёмным пункце камбіната бытавога абслугоўвання рамонт і пашыў швейных вырабаў практычна не ажыццяўляецца, швейнае абсталяванне састарэлае.
Камітэт дзяржкантролю вобласці па выніках праверак даў даручэнні мясцовым органам улады ўзмацніць кантроль за ўкараненнем сацыяльных стандартаў, асабліва ў сельскай мясцовасці.
Генадзь Жолуд