Чацвер, 15 Чэрвень 2023

Улады знайшлі яшчэ адзін спосаб, каб штрафаваць беларусаў і канфіскоўваць іх маёмасць. І гэта звязана са зборам металалому

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Полацкая падатковая інспекцыя дала актуальныя каментары наконт падаткаў у сферы мастацтва, пракату інвентару і зборы металалому.

Паводле інспекцыі, дзейнасць мастакоў можа здзяйсняцца ў рамках рамеснай дзейнасці з ужываннем падатку на прафесійны прыбытак. Рэалізоўваць вырабленыя прадметы творчасці можна на гандлёвых месцах на рынках, кірмашах і (або) іншых устаноўленых мясцовымі органамі ўлады месцах, у памяшканнях, якія выкарыстоўваюцца для іх вырабу, з прымяненнем рэкламы ў сетцы Інтэрнэт, шляхам перасылкі паштовым адпраўленнем (у тым ліку міжнародным), дастаўкі па ўказаным спажыўцом адрасе, а таксама на падставе грамадзянска-прававых дагавораў з юрыдычнымі асобамі і ІП.

Да 1 ліпеня гэтага года рамеснікам можна выплачваць збор за ажыццяўленне рамеснай дзейнасці, пасля названай даты збор можна выплачваць толькі пры наяўнасці рашэння выканкама (па месцы жыхарства) аб магчымасці яго прымянення. У іншых выпадках - альбо выплата падатку на прафесійны прыбытак, альбо спыненне дзейнасці шляхам падачы паведамлення.

Паслугі арэнды, пракату забаўляльнага і спартыўнага абсталявання можна аказваць фізічным асобам без дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасці ІП. Працаваць можна толькі самастойна без прыцягнення наёмных асоб з выплатай адзінага падатку (да пачатку дзейнасці) або з прымяненнем падатку на прафесійны даход (пасля рэгістрацыі ў мабільным дадатку).

А вось здаць металалом цяпер фізічным асобам будзе складана.

Полацкая інспекцыя звяртае ўвагу фізічных асобаў, у якіх назапасіўся металалом, што  здаць такія адходы можна толькі юрыдычным асобам, якія маюць ліцэнзію на адпаведную дзейнасць. Самі фізічныя асобы не маюць права ажыццяўляць нарыхтоўку металалому шляхам яго збору і скупкі ў насельніцтва з мэтай яго наступнай рэалізацыі.

Калі фізічныя асобы працягнуць такую дзейнасць, улады іх аштрафуюць. За гэта яны прадугледзелі штраф  у памеры ад 20 да 50 базавых велічынь з канфіскацыяй да 100% сумы атрыманага даходу, прыстасаванняў і сродкаў учынення правапарушэння або без канфіскацыі.

Напрыканцы Полацкая інспекцыя  па падатках і зборах заклікае беларусаў: Жывіце мудра, працуйце сумленна!

 Але да гэтага закліку яны, відаць, забыліся дадаць: і плаціце яшчэ як мага больш падаткаў краіне на ўтрыманне сілавога блоку ды іншых утрыманцаў ад улады.

Руслан Піневіч