Панядзелак, 05 Чэрвень 2023

Віцебшчына «перазагружае адносіны» са Смаленскай вобласцю

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

З ініцыятывы старшыні аблвыканкама Аляксандра Субоціна, Віцебская вобласць наладжвае цесныя стасункі з памежнымі расейскімі рэгіёнамі. Ужо існуе праграма супрацоўніцтва з Пскоўскай вобласцю, якая распачалася ў 2022г., цяпер віцебскія ўлады накіраваліся на Смаленшчыну, каб «знайсці новы патэнцыял развіцця» ў міждзяржаўных стасунках. У аблвыканкаме ўжо склалі план мерапрыемстваў па супрацоўніцтве Віцебскай і Смаленскай абласцей на 2023-25гг, і мясцовыя ўлады гатовыя ініцыяваць разгляд і зацвярджэнне супольных фарматаў працы.

Намеснік губернатара Смаленшчыны Аляксей Стральцоў пацвердзіў гатоўнасць да паглыбленага супрацоўніцтва, адзначыўшы высокую кваліфікацыю беларускіх адмыслоўцаў і выказаўшы жаданне развіваць гандаль, у першую чаргу вырабамі беларускай лёгкай прамысловасці – прыкладам, прадукцыяй Аршанскага льнокамбіната. Таксама, паводле кіраўніцтва суседняй вобласці, віцебскіх работнікаў гатовы запрасіць на будаўніцтва і рэстаўрацыю дарожнай сеткі, на мостабудаўніцтва.

Смаленскі рэгіён атрымаў замовы на падтрымку развіцця так званых «новых тэрыторый Расеі», у прыватнасці, на ўтварэнне там новых гандлёвых аб“ектаў. У гэтым плане кіраўніцтва Смаленшчыны таксама спадзяецца на спрыянне і дапамогу беларускіх суседзяў, зацікаўленых у збыце прадукцыі мясцовых прадпрыемстваў.

Намесніца старшыні аблвыканкаму Анжаліка Нікіціна прапанавала суседняму расейскаму рэгіёну і шэраг кааперацыйных праектаў у межах фінансавання Саюзнай дзяржавы. Кіраўніцтва Смаленскай вобласці выказала пажаданне наладзіць супрацоўніцтва па падрыхтоўцы рабочых кадраў і па пашырэнні сферы турызму і летняга аздараўлення дзяцей і моладзі на базе беларускіх летнікаў і баз адпачынку.

Мяркуецца, што новая дамова аб супрацоўніцтве будзе падпісана ў Віцебску ў Дзень гораду 26 чэрвеня. Паводле старшыні аблвыканкаму, «Віцебск і Смаленск блізкія духоўна і гістарычна». І гэта, на ягоную думку, дае падставы меркаваць пра паспяховае супрацоўніцтва. Для каго яно больш выгаднае, і хто болей «заробіць на суседзях», звычайным віцяблянам не тлумачаць. Кіраўніцтва вобласці проста ставіць іх перад фактам падпісання новай «дарожнай карты».

Феліцыян Красоўскі