Паводле выраку Беларускага Вайсковага суду, у 2013г. яго прызналі вінаватым па васьмі крымінальных артыкулах: арт. 154 (катаванне заведама непаўналетніх); арт. 166 (згвалтаванне заведама непаўналетніх); арт,167 (здзяйсненне дзеянняў сексуальнага характару насуперак волі пацярпелай, пасля здзяйснення згвалтавання, групай асоб, з ужываннем гвалту, паўторна, у дачыненні да заведама малалетняй); арт. 168 (палавыя зносіны і дзеянні сексуальнага характару з асобамі, якія заведама не дасягнулі шаснаццацігадовага ўзросту); арт. 171 (выкарыстанне занятку прастытуцыяй заведама непаўналетняга, спалучаным з вывазам за межы дзяржавы для занятку прастытуцыяй, здзейсненым арганізаванай групай); арт. 172 (уцягванне заведама непаўналетняга ў здзяйсненне злачынства шляхам абяцанняў, падману, дамаўленняў, з ужываннем гвалту і з пагрозай яго прымянення, звязаным з уцягваннем непаўналетняга ў арганізаваную групу, ва ўчыненне цяжкага і асабліва цяжкага злачынстваў); арт. 173 (уцягванне непаўналетняга ў антыграмадскія паводзіны); арт.182 (выкраданне чалавека, здзейсненае ў дачыненні да заведама непаўналетняга, арганізаванай групай, якое суправаджалася пакутамі і катаваннем).
Аляксандру Ільіну прысудзілі 17 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці, але без пазбаўлення права займаць пэўныя пасады і займацца пэўнай дзейнасцю (гэта значыць, тэарэтычна пасля вызвалення ён мог працягнуць службу ў пракуратуры). Пазней з абвінавачвання ў сувязі са сканчэннем тэрміну даўнасці выключылі артыкулы 154, 168 і 173, агульны тэрмін пакарання такім чынам зменшыўся на адзін год. Але ў кастрычніку 2022 г. 53-гадовы Ільін загадкава памёр у шклоўскай калоніі — нібыта ў выніку суіцыду.
Прысуд пракурору Ільіну займае 59 старонак, з якіх 50 — гэта апісанні сексуальнага рабства і фізічнага гвалту над непаўналетнімі ахвярамі. У ім згадваюцца больш за 10 заведама непаўналетніх дзяўчынак, у тым ліку 12-гадовыя. Разам з яшчэ двума асобамі Аляксандр Ільін стварыў « арганізаваную групу для далучэньня іншых непаўналетніх дзяўчат у занятак прастытуцыяй і выкарыстання гэтага занятку і даходаў ад яго для задавальненьня ўласных патрэбаў». Непаўналетніх дзяўчат, чыімі паслугамі карысталіся знаёмыя Ільіна, схілялі да заняткаў прастытуцыяй праз ужыванне алкаголю, абяцанні грошай і падарункаў, а нязгодных шантажавалі, запалохвалі, катавалі. У матэрыялах прысуду ёсць апісанне таго, як ахвяру вывезлі ў лес у прыгарад Віцебску, распранулі дагала, звязалі, збівалі, трымалі аголенай на снезе і марозе, прымушалі капаць сабе магілу.
Злачынная група дзейнічала не толькі на тэрыторыі Беларусі. Ільін з ліпеня 2002-га па снежань 2005-га вывозіў дзяўчынак у Маскву і Сочы, дзе яны аказвалі сексуальныя паслугі. Узнагароджанне за сексуальную эксплуатацыю, атрыманае ад кліентаў, ён забіраў сабе. Пастаўляў Ільін непаўналетніх дзяўчынак і сваім знаёмым сілавікам. Следства выявіла, што гэта былі палкоўнік КДБ Ігар Навіцкі— кіраўнік Полацкага аддзела УКДБ Віцебскай вобласці і палкоўнік міліцыі Барыс Сакалоў— кіраўнік УБЭЗ УУС Віцебскага аблвыканкаму, які пазней атрымаў пасаду намесніка кіраўніка ГУБЭЗ МУС. Таксама ў справе фігуруе Уладзімір Захараў, чыё імя супадае з імем уладальніка полацкай кампаніі "Гандлёвы дом "Стралец", і нехта Яцук – такое прозвішча меў былы калега Ільіна, які працаваў у той час у Віцебскай абласной пракуратуры.
Калі ў 2005 годзе злачынная дзейнасць Ільіна была выкрыта, ен спрабаваў уцячы ад следства. Яго абвясцілі ў вышук і затрымалі ў 2009г. у Краснадары. Следства выявіла усіх удзельнікаў і саўдзельнікаў арганізаванай злачыннай групы. Аднак прысуд быў вынесены толькі Ільіну і яшчэ двум удзельнікам без высокіх пасад. Навіцкі, Сакалоў і Яцук, а таксама іншыя супрацоўнікі пракуратуры да крымінальнай адказнасці прыцягнутыя не былі.
Дакументы, здабытыя Альянсам расследвальнікаў Беларусі сумесна з "Кіберпартызанамі", часткова выкладзены ў інтэрнэт. Тэкст прысуду ўражвае апісаннямі нечалавечага стаўлення і здзекаў работніка Віцебскай абласной пракуратуры да непаўналетніх дзяўчат.