Жыхарка вёскі Пашніно Ірына Стома агучыла хваляванні шматлікіх жыхароў Язненскага сельсавета наконт рэарганізацыі мясцовай участковай лякарні ў амбулаторыю. Гэта мае адбыцца ў хуткім часе.
А як жа доступ да якаснай медыцынскай дапамогі на сяле, на чым пастаянна акцэнтуе ўвагу кіраўнік дзяржавы? Запыталася жанчына ў чыноўніка.
Як сказаў так званы дэпутат, працэс аптымізацыі медустаноў непазбежны ў першую чаргу з-за дэмаграфічных працэсаў – скарачэння і старэння насельніцтва. Ён адзначыў, што такая тэндэнцыя характэрна для ўсёй краіны.
На сустрэчу запрасілі і загадчыка Язненскай участковай лякарні Уладзіміра Пашковіча распавесці пра працу лякарні. Як паведаміў лекар, у зоне абслугоўвання лячэбнай установы 60 населеных пунктаў. Усяго на яе ўчастку зарэгістравана 1 040 чалавек, з якіх 700 – жыхары аграгарадка Язна, астатнія 340 пражываюць у аддаленых вёсках у радыўсе 15 кіламетраў.
Чыноўнікі паведамілі пра тое, што нарматыў забяспечанасці ложкамі – толькі дзевяць на тысячу насельніцтва, у Язненскай лякарні разгорнута 15 і быццам летась пуставалі чатыры. Таксама яны сказалі, што быццам і ў Дзісненскай лякарні шэсць з 18-ці ложкаў не былі занятыя пацыентамі і пасля спаслаліся на эканамічную неабгрунтаванасць.
Таксама чыноўнікі распавялі пра быццам бы плюсы ад перспектыўнага віду медыцынскай дапамогі ў наш час – стацыянар дома ў камфортных для пацыента ўмовах. Толькі як яны будуць гэтыя камфортныя ўмовы ствараць – невядома. Хіба абяцанкамі, бо вядома, якая зараз сітуацыя з медыцынскім абслугоўваннем насельніцтва. А шпіталізаваць людзей будуць за 15 кіламетраў ад Язна – у Дзісненскую бальніцу.
У аграгарадку Язна Мёрскага раёна жыве каля 700 чалавек, раней тут было значна больш. Гэтае паселішча славілася сваёй інфраструктурай, добрай працай, тут нават заставалася моладзь. Але апошнім часам у аграгарадку пры цяперашняй уладзе ўсё прыходзіць у заняпад: закрылася аддзяленне банка, пад пытаннем праца паштовага аддзялення, цяпер рэарганізуюць лякарню. І, вядома, што людзі незадаволеныя такім стаўленнем уладаў да іх патрэбаў і камфортнага жыцця.
Улады казалі пра развіццё вёсак і аграгарадкоў, будавалі дамы, але каб людзі заставаліся там, трэба ствараць хаця б нармальныя ўмовы для жыцця і працы.
Праз праўладныя СМІ зараз паўсюль гучыць крытыка наконт жыцця ў Еўропе, але там у кожнай нават невялікай вёсцы створаныя ўсе ўмовы для сапраўды годнага жыцця людзей. А ў Беларусі толькі і гучаць з вуснаў чыноўнікаў расповеды пра аптымізацыю, стабільнасць і так званы росквіт, у якія ўжо мала хто верыць нават на сяле.
Інга Сташэўская