Аўторак, 25 Кастрычнік 2022

Рэктарка віцебскага ўніверсітэту лічыць, што мінулая вайна скончылася не ў 1945-м

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Гэтую і некалькі іншых сенсацыйных заяваў зрабіла рэктарка ВДУ Валянціна Багатырова для чытачоў абласной газеты «Витебские вести». Трэба меркаваць, што студэнты ўніверсітэту таксама выхоўваюцца на падобнай рыторыцы, бо на пасаду рэктара доктар эканамічных навук В.В. Багатырова была прызначана якраз у 2020-м годзе, калі ў Беларусі стала «не до законов», а гістарычная навука перастала існаваць як аб’ектыўная галіна ведаў, і была пастаўлена на службу ідэалогіі.

«Мы четко осознали: страшная война не завершилась в мае 1945-го, что признать поражение в ней оказалось не под силу многим государствам, что не всегда на протянутую руку дружбы отвечают добрым отношением», – з такой шматзначнай і туманнай фразы пачынае В.Багатырова гутарку з чытачом. На жаль, спадарыня рэктарка не называе тыя «многія дзяржавы», якія, на яе думку прайгралі мінулую вайну разам з нацысцкай Нямеччынай.  Застаецца таямніцай і пасаж пра працягнутую руку сяброўства, але такі, відаць, аўтарскі стыль у Валянціны Багатыровай: не задумвацца пра спалучальнасць зацёртых штампаў, якімі карысталіся яшчэ савецкія лектары таварыства «Веды».

Зрэшты, ад развагаў пра геапалітыку Валянціна Багатырова адразу пераходзіць да сутнасці «інфармацыйных войнаў». Відаць, менавіта іх рэктарка ўніверсітэту лічыць працягам Другой Сусветнай вайны. Паводле такой логікі, святкаванне 9-га траўня трэба адмяняць, а замест гэтага фіксаваць адкрыццё асобнага «інфармацыйнага фронту» праз некалькі дзесяцігоддзяў пасля ўздыму чырвонага сцяга над Рэйхстагам.

Пасля цытавання старажытных кітайскіх мысляроў Валянціна Васільеўна абрынаецца на «развитие компьютерных технологий, расширение СМИ в интернете, рост социальных сетей и разнообразие мессенджеров», якія «предопределили появление новых средств ведения войн» – спарадзілі «лавинообразный рост дезинформации». І тут рэктарка прызнаецца, што лічыць сваіх студэнтаў поўнымі прафанамі, бо яны ёсць прадстаўнікамі моладзі, якая «поддаётся дурному влиянию зарубежных «друзей» і часто не в силах отличить наглую ложь и провокации».

Дзеля «противостояния информационным войнам» аўтарка прапануе некалькі прыёмаў. Найперш – гэта захаванне гістарычнай памяці, але не шляхам выхавання  пашаны да мінулага сваёй краіны, а праз «пересмотр подходов к изучению в вузах социально-гуманитарных дисциплин».

«Министерством образования принято судьбоносное решение, что с 1 сентября текущего года все первокурсники стали изучать три серьезно обновленные учебные дисциплины – философию, историю белорусской государственности и современную политэкономию, которые включены в социально-гуманитарный блок», – піша Валянціна Багатырова. І тут жа падкрэслівае, што ўсё новае – гэта добра забытае старое: «Долгие годы основной упор при изучении экономической теории делался на либеральную экономическую науку, которая фактически навязывала психологию эгоизма и потребительскую идеологию. Мы совершенно забыли про марксизм и о трех главных факторах – труде, земле и капитале... Пора отказываться от устаревшей оценки экономической эффективности через прибыль».

Якім чынам можна ацаніць эфектыўнасць вытворчасці, каб гэта было сучасна, спадарыня Багатырова не тлумачыць. І зноўку пераходзіць да ўдзелу ў «інфармацыйных войнах», які сёння бяруць выкладчыкі ВНУ, спрабуючы пераканаць добра абазнаную ў інфармацыйных тэхналогіях моладзь «простыми словами, конкретными фактами и цифрами». Праўда, ні першага, ні другога ні трэцяга няма ў артыкуле рэктаркі ВДУ. А ўсё, што ёсць, можна акрэсліць трапным словам «дэмагогія», якую наўрад ці можна расцэньваць як сродак змагання за розумы і душы маладых людзей.

 Андрэй Пятрэнка