Галоўнымі мэтамі стратэгічнага дакументу развіцця Віцебскай вобласці ўлады дэкларуюць «забеспячэнне сацыяльнай стабільнасці ў грамадстве і рост дабрабыту грамадзян за кошт якаснага росту эканомікі, нарошчвання сацыяльнага капіталу, стварэння камфортных умоваў для жыцця, працы і самарэалізацыі».
У аблвыканкаме, пры падтрымцы дэпутатаў, спадзяюцца, што запуск новага інвестыцыйнага цыклу адбудзецца за кошт рэалізацыі так званых «праектаў будучыні» і 219 асноўных вытворчых інвестпраектаў у рэгіёнах на суму больш за 4,5 млрд руб. Укладанне гэтых сродкаў у эканоміку вобласці пасадзейнічае росту інвестыцый у асноўны капітал за пяць гадоў на 18,7%, ці 3,74% за год. Гэта адчувальна менш за паказнікі дакавідных гадоў.
Паводле дадзеных камітэту эканомікі Віцебскага аблвыканкаму за 2019 год, на развіццё абласной эканомікі і сацыяльнай сферы было асвоена больш за Br2,5 млрд. рублёў інвестыцый у асноўны капітал, г.зн. інвестыцыі выраслі на 6,2% да ўзроўню 2018 года. Гэта значна большы прырост, чым плануюць чыноўнікі на наступную пяцігодку.
Незалежныя эксперты ў сферы эканомікі скептычна ацанілі рэалізацыю планаў абласных уладаў. Падставай для сумневу служыць тая акалічнасць, што ў выпадку ўвядзення шостага пакету санкцыяў з боку Захаду ўзнікнуць практычна непераадольныя цяжкасці для прыцягнення ў краіну прамых інвестыцый і інавацыйных тэхналогіяў ад амерыканскіх і еўрапейскіх партнёраў. Плануецца, што ў гэтым пакеце будуць абмежаванні для некалькіх сотняў дзяржаўных кіраўнікоў, дзясяткаў прадпрыемстваў і фірмаў, яны закрануць інтарэсы не менш сямі вытворчых галінаў. Тады нават такіх сціплых вынікаў росту інвестыцыяў у рэгіянальную эканоміку, закладзеных у праграме, немагчыма будзе дасягнуць.
Згодна з эканамічнай тэорыяй, пры недахопе «доўгіх грошай» дасягнуць бачнага росту эканомікі і, як следства гэтага, росту дабрабыту людзей практычна немагчыма.
Павел Жукаў