«Пракуроры на месцах аператыўна зрабілі захады для спынення дзеянняў некаторых групаў грамадзян, накіраваных на дэстабілізацыю грамадска-палітычнай абстаноўкі ў краіне», – заявіў падчас калегіі пракурор Віцебскай вобласці Вадзім Сушчынскі.
Нягледзячы на тое, што ўзровень злачыннасці на 10 тысяч насельніцтва ў Віцебскай вобласці (92,2) адзін з самых нізкіх у краіне, аператыўная абстаноўка ў шэрагу напрамкаў засталася напружанай, канстатавалі на калегіі. Гэтак, ад праваахоўнага блоку цяпер патрабуецца выпрацоўка сумесных і эфектыўных захадаў для выяўлення і спынення злачынстваў у сферы высокіх тэхналогіяў і «супрацьпраўных дзеянняў, накіраваных на дэстабілізацыю грамадска-палітычнай сітуацыі».
Паводле пракуратуры Віцебскай вобласці, ад жніўня 2020 года ў сувязі з пратэставым рухам было распачата больш за 200 крымінальных спраў, 1480 асобаў былі прыцягнутыя да адказнасці паводле арт. 23.34 КаАП.
Апроч таго, у 12 раёнах Віцебскай вобласці зафіксаваны рост злачынстваў. Найбольш значны – у Наваполацку (+45,9%), Віцебскім (+21,6%), Аршанскім (+17,3%), Шаркаўшчынскім (+14,9%) раёнах і Кастрычніцкім раёне Віцебску (+18,4%).
«Завяршыўшы абмеркаванне асноўнай часткі пытанняў, Вадзім Сушчынскі і намеснік генпракурора Дзмітрый Гара ўручылі некаторым пракурорскім работнікам узнагароды», – паведамляецца на сайце Генпракуратуры РБ.