Аўторак, 25 Красавік 2017

Міліцыя вывучае міжнародныя правілы

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Аляксандар Руколь Аляксандар Руколь Фота: Мікалай Аўсееў, http://www.novaya.by/

Рабочыя полацкага заводу «Шкловалакно» накіравалі кіраўніку абласнога УУС памятку для міліцыянтаў аб выконваньні міжнародных стандартаў правоў працоўных на аб'яднаньне ў прафсаюз. Віцебскі абласны начальнік міліцыі грамадзкай бясьпекі Аляксандар Руколь заявіў, што міліцыянты вывучаюць правілы прымяненьня міжнародных дамоваў і паабяцаў даць адказ пісьмова.

Спадар Руколь 20 красавіка праводзіў у Полацку прыём грамадзян і таксама прымаў звароты па тэлефоне. У сувязі з інцыдэнтам, што здарыўся 24 сакавіка, калі ў памяшканьні прафсаюзу быў праведзены ператрус, а старшыня затрыманы, рабочыя вырашылі нагадаць кіраўніцтву УУС пра іх абавязкі выконваць правілы міжнародных дамоваў. Беларускае адміністрацыйнае заканадаўства прадугледжвае прыярытэт правілаў міжнародных дамоваў над артыкуламі Працэсуальна– выканаўчага кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях.

На пытаньне па тэлефоне, ці вывучаюць работнікі міліцыі правілы міжнародных дамоваў, каб іх прымяняць, палкоўнік міліцыі Аляксандар Руколь адказаў: «Вывучаем, вядома. Чаму не вывучаем? Вось і сёньня будуць праводзіцца заняткі ў Наваполацку разам з судзьдзямі, куды запрошаныя ўсе ўчастковыя інспэктары міліцыі, якія непасрэдна вывучаюць і ПВКаАП, і ўсе дамовы...».

Палкоўнік міліцыі Руколь занатаваў пажаданьне рабочых «Шкловалакна» правесьці заняткі з асабовым складам УУС Віцебскай вобласьці па вывучэньні міжнароднай  Канвэнцыі аб свабодзе аб'яднаньня і абароне права аб'ядноўвацца ў прафсаюзы.

Гэтая канвэнцыя №87 МАП зьмяшчае правілы стаўленьня міліцыі да прафсаюзаў, адрозныя ад беларускага адміністрацыйнага кодэксу. Міліцыя абавязаная ўстрымлівацца ад любога ўмяшаньня, якое абмяжоўвае дзейнасьць прафсаюзу. Пры сутыкненьні міліцыі з прафсаюзам міліцыянты ня могуць затрымліваць удзельнікаў прафсаюзных мерапрыемстваў.

Свабодны прафсаюз Беларускі накіраваў на электронны адрас палкоўніка Руколя памятку для міліцыі аб прыярытэтным ужываньні правілаў Канвэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы пра абарону права на аб'яднаньне ў прафсаюз. Канвэнцыя забараняе дзяржаўным сілавым органам затрыманьні, арышты і ператрусы на прафсаюзных мерапрыемствах, якія перашкаджаюць працы прафсаюзу.

Намесьнік начальніка УУС Віцебскага аблвыканкаму Руколь Аляксандр Рыгоравіч паабяцаў старшыню прафсаюзу выслаць пісьмовы адказ па зададзеных праз тэлефон пытаньнях аб працы органаў УУС.

Аляксандар Марозаў