Пятніца, 02 Жнівень 2013

Расьсьледаваньне справы аб выбуху ля Віцебскага КДБ завершанае

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Расьсьледаваньне крымінальнай справы аб выбуху ля будынку ўпраўленьня КДБ па Віцебскай вобласьці ў лістападзе 2011 году завершане. “Матэрыялы крымінальнай справы перададзеныя ў пракуратуру Віцебскай вобласьці для накіраваньня ў суд”, - паведаміла афіцыйны прадстаўнік упраўленьня Сьледчага камітэту па Віцебскай вобласьці Іна Гарбачова.

“Сьледствам выяўлена, што 11 лістапада 2012 году каля 19-й гадзіны ля адміністрацыйнага будынку ўпраўленьня КДБ па Віцебскай вобласьці зьдзейсьнены выбух незаконна вырабленага самаробнага выбуховага прыстасаваньня. Канчатковае абвінавачаньне ў зьдзяйсьненьні злачынства, прадугледжанага ч.3 арт.339 (Асабліва злоснае хуліганства) КК Рэспублікі Беларусь, прад’яўленае раней судзімай 42-гадовай жыхарцы Віцебску”, - адзначыла прадстаўнік УСК.

Паводле яе слоў, “у ходзе расьсьледаваньня крымінальнай справы сьледчымі здабытыя неабвержныя доказы віны абвінавачанай”. “Праведзеная генатыпаскапічная экспэртыза выявіла поўную адпаведнасьць канфіскаваных падчас агляду месца здарэньня генэтычных сьлядоў узорам, адабраным ў абвінавачанай”, - падкрэсьліла І. Гарбачова.

Яна распавяла, што “ў выніку зробленага па месцы жыхарства ператрусу канфіскаваныя прадметы, якія наўпрост паказваюць на падрыхтоўчыя да гэтага злачынства дзеяньні”. “Далучылі да матэрыялаў крымінальнай справы ў якасьці рэчыўных доказаў канфіскаваныя ў кватэры ў абвінавачанай сшытак з рукапіснымі запісамі аб выбуховых рэчывах і спосабах вырабу выбуховых сумесяў, некалькі самаробных выбуховых прылад, аналягічных па канструкцыі, выкарыстанай падчас зьдзяйсьненьні злачынства, пнэўматычны пісталет, сыпкія рэчывы рознай этымалёгіі” , - удакладніла прадстаўнік УСК. І. Гарбачова таксама адзначыла, што абвінавачаная раней была судзімая за хуліганства і пашкоджаньне маёмасьці.

“У ходзе папярэдняга сьледзтва па крымінальнай справе абвінавачаная цалкам прызнала віну ў зьдзяйсьненьні злачынства, узяла ўдзел у правядзеньні сьледчага экспэрымэнту, дзе падрабязна апісала мэханізм вырабу самаробнай выбуховай прылады, а таксама сьледчага дзеяньня “праверка паказаньняў на месцы”, падчас якога, пры ўдзеле панятых і выкарыстаньні відэазапісу, паэтапна апісала парадак дзеяньняў на месцы зьдзяйсьненьня злачынства”, - паведаміла І. Гарбачова.

Яна зьвярнула ўвагу на тое, што “ў межах расьсьледаваньня праведзена больш за 700 допытаў, прызначана каля 270 судовых экспэртыз, у тым ліку экспэртнай службай Сьледчага камітэту РФ аказаная практычная дапамога ў правядзеньні экспэртызы па паляпшэньні якасьці відэазапісу, забранага зь месца здарэньня”. “Расьсьледаваньне крымінальнай справы ажыцьцяўлялася найбольш дасьведчанымі і кваліфікаванымі сьледчымі сьледчага ўпраўленьня УСК па Віцебскай вобласьці”, - падкрэсьліла І. Гарбачова.

Крыніца: Інтэрфакс-Захад