Таццяна Іванова звярнулася ў суд з просьбай аб шасцімесячнай адтэрміноўцы выканання пастановы аб накладанні на яе адміністрацыйнага штрафу ў памеры 580 рублёў. Аргументамі для падачы хадайніцтвы стала тое, што сума штрафу ў паўтара раза больш, чым месячны даход жанчыны, а таксама тое, што ў яе на ўтрыманні знаходзяцца малалетнія дзеці 5-ці і 10-ці гадоў.
У судзе пацвердзілася, што на Іванову сапраўды накладзены штраф за пікетаванне ў памеры 580 рублёў, што яна працуе ў індывідуальнага прадпрымальніка спецыялістам па працы з кліентамі, зарабляючы штомесяц каля 380 рублёў, што складае 1,6 сумы штрафу. Пацверджана таксама наяўнасць ў яе двух малалетніх дзяцей.
Разгледзеўшы зварот актывісткі, суддзя Наталля Карабліна вырашыла, што, «нягледзячы на наяўнасць на ўтрыманні 2-х малалетніх дзяцей, дастатковых падставаў для адтэрміноўкі выканання адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе штрафу па пастанове суддзі суду Першамайскага раёну Віцебску ад 28.01.2021 Іванова не мае». На погляд суддзі, «Іванова мае рэальную магчымасць выплаты штрафу ў тэрміны, прадугледжаныя Працэсуальна-выканаўчым кодэксам Рэспублiкi Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях».
Таксама суддзя Карабліна не палічыла патрэбным прапанаваць Івановай скарыстацца правам растэрмінаваць выплату сумы штрафу на 6 месяцаў .
«Гэта далёка не адзіны выпадак, калі віцебскія суды адмаўляюць грамадзянам у рэалізацыі права на атрыманне адтэрміноўкі ці растэрміноўкі аплаты адміністрацыйных штрафаў. Калі гэта звязана з тым, што людзі выказвалі свае палітычныя погляды падчас і пасля выбараў прэзідэнта, то мы маем недапушчальную дыскрымінацыю грамадзян па палітычных матывах», - выказаў сваю думку праваабаронца Леанід Свецік.
Міхась Пісараў