Імпрэза ладзілася грамадзкай арганізацыяй “Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам” сумесна з “Прэс-клюбам Беларусь” пры фінансавай падтрымцы Агенцтва ЗША па міжнародным разьвіцьці (USAID).
Арганізатары мелі на мэце даць мясцовым журналістам, якія пішуць і здымаюць пра людзей з інваліднасьцю, кантакты дасьведчаных адмыслоўцаў, азнаёміць з распаўсюджанымі памылкамі, разбурыць некаторыя стэрэатыпы, якія склаліся ў грамадзтве.
Як распавяла на пачатку сустрэчы PR-мэнэджар “Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам” Натальля Губар, падобныя імпрэзы прайшлі ўжо ў Горадні, Берасьці, Воршы, Горках і Маладэчне.
Натальля Губар
"Мы працуем зь невялікай аўдыторыяй – ад 3 да 10 удзельнікаў. Але, акрамя журналістаў, на сустрэчы прыходзяць і рэклямшчыкі, і сацыяльныя работнікі. Гэты трэнінг разьлічаны найперш на тых людзях, каму важна зьмена оптыкі на праблему людзей зь інваліднасьцю. Таму што насамрэч існуе шмат стэрэатыпаў, і мы да іх прывыклі, мы ў іх жывем” – сказала арганізатарка.
У межах трэнінгу адбылася невялікая дыскусія пра тое, наколькі цікавыя для шырокай аўдыторыі матэрыялы пра жыцьцё людзей з інваліднасьцю. А таксама – якія інфанагоды найбольш для гэтага пасуюць.
Удзельнікі сышліся на думцы, што лепш ствараць пазытыўныя і аптымістычныя матэрыялы. Пры гэтым – пазьбягаць і шкадаваньня, і гераізму. То бок ня варта бачыць у гэтых людзях ахвяраў альбо герояў – лепш пісаць пра іх, як пра іншых людзей.
Падчас сустрэчы была таксама прэзэнтаваная “Інфармацыйная стратэгія Рэспублікі Беларусь па паўнапраўным уключэньні (інклюзія) людзей зь інваліднасьцю ў грамадзтва”, распрацаваная сумеснымі намаганьнямі грамадзкіх арганізацыяў, розных міністэрстваў і дзяржаўных СМІ. Як паведамілі арганізатары, незалежныя журналісты не былі ўключаныя ў працоўную групу па распрацоўцы стратэгіі. Дакумэнт мае на мэце “садзейнічаць зьмене інфармацыйнай прасторы, што спрыяе паўнапраўнаму ўключэньню людзей зь інваліднасьцю ў грамадзтва з улікам палажэньняў Канвэнцыі аб правах людзей зь інваліднасьцю”.
“Кантэнт-аналіз мэдыяпрасторы беларускіх СМІ і дынаміка публікацыяў сьведчыць аб наяўнасьці праблемнага поля: тэма інваліднасьці не ўсьведамляецца ў кантэксьце праблемы захаваньня правоў чалавека, людзі зь інваліднасьцю прадстаўляюцца як сацыяльная меншасьць”, – гаворыцца ў дакумэнце.
Але ж, паводле намесьніцы дырэктара Прэс-клюбу Алы Шарко, людзей, якія атрымліваюць розныя выплаты па інваліднасьці, налічваецца сёньня ў Беларусі больш за паўмільёна (568 32 чалавекі). Так што казаць пра “меншасьць” няправільна.
Што да практычных парадаў, арганізатары трэнінгу рэкамэндуюць усім журналістам, якія ствараюць матэрыялы пра людзей зь інваліднасьцю, перад публікацыяй атрымліваць пісьмовую згоду героя альбо яго законнага прадстаўніка.
Яшчэ лепш – папярэдне даць пачытаць матэрыял спэцыялістам, якія змогуць выявіць памылкі.
Уладзімер Бяляўскі, фота аўтара