Віцебскі парк імя Фрунзэ – вельмі ўтульнае і папулярнае месца адпачынку для многіх гараджан, асабліва – для пэнсіянэраў. Што праўда – ня вельмі зручнае ў сэнсе даступнасьці. Бо ані цэнтральная лесьвіца, якая вядзе ў парк з плошчы Свабоды, ані дзьве лесьвіцы з боку праспэкту Фрунзэ, ані вялікая з боку былога КДЦ (КЗ “Віцебск”) ня маюць пандусаў.
Уваход у парк з праспэкту Фрунзэ
Таму маладыя мамы зь дзіцячымі вазкамі ды інваліды-вазочнікі, каб схавацца ад сьпёкі ці проста адпачыць на лавачцы, вымушаныя рызыкаваць і пераадольваць даволі стромкія лесьвічныя спускі з высокімі прыступкамі. Дарэчы, крыху далей па Фрунзэ ёсьць заасфальтаваны зьезд у парк, але многія пра яго папросту ня ведаюць.
Спуск з боку КЗ "Віцебск"
Прараб: “Будуць… калі-небудзь”
Парк ужо даўно патрабаваў рэканструкцыі і аднаўленьня, бо большая яго частка знаходзілася ў занядбаным стане. Але калі працы пачаліся (нагадаем, што ўлетку 2017 году тут усталявалі новы фантан), апынулася, што ўваходныя лесьвіцы знаходзяцца па-за межамі актыўнасьці.
На пытаньне, ці будуць рамантавацца спускі ў парк, прараб працаў даў вельмі неахвотны і няўпэўнены адказ: “Будуць… калі-небудзь”. Больш канкрэтную інфармацыю даць адмовіўся.
Вядуцца працы ў цэнтральнай частцы парку
Паспрабавалі зьвязацца з генэральным падрадчыкам рэканструкцыі парку імя Фрунзэ – будаўнічым прадпрыемствам “ПлісаСтрой”. Таксама не атрымалі выразнага адказу: “Нічога ня ведаем пра пандусы, зьвяртайцеся да замоўцы рэканструкцыі – у гарадзкую ЖКГ”.
ЖКГ: Пандусы будуць усюды, дзе запраектаваныя
Нарэшце, як паведамілі нам на прадпрыемстве “Віцебская гарадзкая ЖКГ”, “пандусы будуць усюды, дзе яны запраектаваныя”. На пытаньне, ці, уласна, прадугледжанае ўсталяваньне пандусаў на цэнтральнай лесьвіцы, адказалі, што так. Але калі канкрэтна яны там зьявяцца і калі нарэшце парк будзе даведзены да ладу, не ўдакладнілі: “Усё будзе залежаць ад фінансаваньня”.
Рэканструкцыя парку Фрунзэ ў Віцебску. Стан на 23 лістапада
Нагадаем, што раней намесьнік галоўнага архітэктара Віцебску Леанід Багданаў паведамляў, што праект рэканструкцыі прадугледжвае таксама скасаваньне аўтастаянкі на плошчы Свабоды.
Што будзе з “Пацалункам”?
“Трэба ўдакладніць, але, па-мойму, скульптурная кампазыцыя знаходзіцца па-за межамі нашага праекту. Ці застанецца яна? Так, застанецца”, - сьцьвердзілі ў гарадзкой ЖКГ.
Дэкаратыўная скульптура аўтарства Івана Казака стаіць у парку недалёка ад праспэкту Фрунзэ і цешыць вока гараджан ужо доўгі час. Іншая справа, што як мінімум цягам пяці гадоў гэты далікатны “Пацалунак” “упрыгожвае” брудны фалічны сымбаль – і ні ЖКГ, ні аддзелу культуры гарвыканкаму няма пакуль да гэтага аніякай справы…
Скульптурная кампазыцыя "Пацалунак"
Парк у цэнтры Віцебску быў закладзены яшчэ ў сярэдзіне XIX стагодзьдзя як Архірэйскі сад. У 1926 годзе быў перайменаваны ў парк імя Фрунзэ. Ягоная плошча складае 15 гектараў, у парку расьце каля 700 дрэваў.
Зьміцер Міраш, фота аўтара