“Крылы Анёлаў” штотыдзень ладзяць трэніроўкі на лыжаролернай трасе на Віцьбе. На прабежку 16 верасьня сабраліся больш за 20 чалавек, у тым ліку тры “анёлы” – асаблівыя дзеткі Ваня, Улад і Ягор. Яны адольваюць дыстанцыю ў вазках у суправаджэньні дарослых - “крылаў”.
Віцебскія "анёлы" пасьля прабежкі
З пастаянных наведнікаў трэніровак ёсьць яшчэ “анёл” Хрысьціна, але яна зараз на адпачынку. На трэніроўках прабягаюць па 3-5 км, потым – разьмінка.
Удзельніца: “Адмовіць ня можам, а пасадзіць няма куды…”
“Дык вось бачыце, адмысловая бегавая каляска ў нас толькі ў Вані. Люда зь Ягорам бегаюць з прагулачным вазком, а Ўлад – на звычайным інвалідным, а гэта вельмі цяжка й небясьпечна. Бегчы трэба павольна і асьцярожна, і толькі на невялікія дыстанцыі. Але Ўлад так любіць нашы прабежкі, што адмовіць ня можам, а пасадзіць няма куды”, - распавядае актыўная ўдзельніца каманды і маці “анёла” Вані Людміла Абрамовіч.
Улад на дыстанцыі
Ваня з татам у адмысловым бегавым вазку падчас трэніроўкі на Віцьбе.
На фінішы дзеці выглядаюць сапраўды акрыленымі. Вочы гараць, на вуснах – усьмешкі. Бег дае адчуваньне жыцьця, хуткасьці і паветра. Як сьцьвярджае Людміла, усё гэта паляпшае стан маленькіх “анёлаў”, а бацькам дае добры зарад пазытыву і вытрымкі.
“Мы з радасьцю сустракаем і прымаем новых удзельнікаў каманды, але, зноў жа, ня маем магчымасьці прапанаваць новым “анёлам” сапраўдныя бегавыя вазкі”, - наракае наша суразмоўца.
Паводле яе словаў, нават ня новая бегавая каляска каштуе каля 300 даляраў.
Але іх чакае Вэнэцыя...
Зусім нядаўна віцебскія “Крылы Анёлаў” бралі ўдзел у Менскім паўмаратоне. А ўжо напрыканцы кастрычніка на запрашэньне італьянскага дабрачыннага фонду паедуць на Вэнэцыянскі маратон. Чакаюць гэтага зь вялікім нецярпеньнем.
"Анёлы" ўжо мараць пра Вэнэцыю...
“Як атрымалі тое запрашэньне? Усё выпадкова адбылося. Адна з супрацоўніц фонду, якая раней жыла ў Віцебску, патрапіла да нас на трэніроўку, і ёй так спадабалася, што загарэлася запрасіць нас у Вэнэцыю. У выніку зладзіла нам запрашэньне на славуты маратон”, - распавяла Ганна Ісачанка, яшчэ адна ўдзельніца каманды.
Паводле Ганны, на Вэнэцыянскі маратон запрошаныя тры экіпажы, то бок тры анёлы і тры дарослыя на кожны вазок. Мужчыны пабягуць маратонскую дыстанцыю, жанчыны – “дзясятку”.
Трыятлён. Яшчэ адна мара “Крылаў Анёлаў”
Ідэю на адной з трэніровак “Крылаў” падаў нефармальны лідэр каманды Дзяніс Дзенісюк (дарэчы, сын славутага віцебскага трэнэра-гіравіка Аляксандра Дзенісюка). Прапанаваў: а чаму б нам не паўдзельнічаць у спаборніцтвах па трыятлёне (плаваньне, велагонка, крос). Усе загарэліся. Адзіная пакуль перашкода – адсутнасьць неабходнага інвэнтару.
Дзяніс Дзенісюк з Уладам.
“Патрэбная спэцыяльная лодка, у якой дзіця будзе знаходзіцца ў поўнай бясьпецы. Так, тэхнічна гэта выглядае наступным чынам: я плыву дыстанцыю і цягну за сабой гэтую лодачку зь дзіцём-“анёлам”. А на другім этапе не абысьціся без адмысловага роварнага прычэпу, які нават пры падзеньні ровара застаецца непахісным. Ідэальна было б, каб гэты прычэп лёгка і хутка трансфармаваўся ў бегавы вазок – для трэцяга этапу. Усё гэта, вядома, каштуе нямалых грошай…” – распавёў нам Дзяніс.
“Калі мы ажыцьцявім гэтую мару, станем першай у Беларусі камандай, якая ўдзельнічае ў трыятлёне разам з асаблівымі дзеткамі”, - падкрэсьлівае Людміла Абрамовіч.
Было б добра, каб у Віцебску знайшліся фундатары чарговай перамогі “Крылаў Анёлаў”.
Самае трывалае “крыло”
Новыя людзі прыходзяць. Гэтак, у суботняй трэніроўцы на Віцьбе ўзяла ўдзел чэмпіёнка і рэкардсмэнка Беларусі ў трыятлёне Ганна Максімава. Падчас агульнай разьмінкі дала майстар-клясу для ўсёй каманды.
На разьмінцы.
Потым разьміналіся пад кіраўніцтвам Дзяніса і Ганны. А скончылі, як звычайна, комплексам фізычных практыкаваньняў ад найбольш дасьведчанага і моцнага “крыла” – 87-гадовага Аляксандра Велігодзкага.
Ён сталы наведнік трэніровак і неад’емная частка каманды. “Анёлы” яго сустракаюць сьветлымі усьмешкамі, жанчыны – пяшчотнымі абдымкамі.
Аляксандр Велігодзкі - крыло "анёлаў".
“Ведаеце, я ж таксама “крыло” цяпер. І яны мяне вельмі добра прынялі, нягледзячы на такі 50-гадовы ўзроставы бар’ер. Кажуць, што я для іх прыклад стойкасьці і трываласьці. Але ж гэта яны мне дапамагаюць – пазбаўляюць ад самоты, бо адзін я ўжо, і напаўняюць любоўю. Як у сям’і!” – кажа Аляксандар.
Аляксандар Велігодзкі – былы лётчык. За ягонымі плячыма больш за 250 скачкоў з парашутам. Як былы камандзір экіпажу, наракае на тое, што праз праблемы з мэніскам ня мае зараз магчымасьці бегаць і кіраваць экіпажамі “анёлаў”. Але ягоная падтрымка вельмі важная для каманды.
Ці лёгка гэта – быць “Крылом Анёла”?
“Спачатку трэба адолець самога сябе і свае кілямэтры, - зазначае Ганна Ісачанка, - бо бег з каляскай – гэта зусім іншая гісторыя”.
Людміла Абрамовіч з сынам Ваняй на прабежцы.
“Наогул, сэнс нашага праекту і ўсёй каманды – гэта тое, каб грамадзтва зьвярнула ўвагу на асаблівых дзетак, на сем’і, якія іх выхоўваюць. Што яны таксама хочуць жыць у звычайным асяродзьдзі, а ня толькі сядзець дома у чатырох сьценах. Што ім патрэбная дапамога і падтрымка. Што яны такія ж самыя людзі, і ў той жа час – Анёлы, якім вельмі патрэбна, вось тут і цяпер, распасьцерці свае крылы…” – дадае Ганна.
Улад пакуль ня мае бегавога вазка.
Зьміцер Міраш
Фота аўтара