Арганізатарамі трэнінгу выступіў «Офіс па правох людзей з інваліднасьцю» ў супрацоўніцтве зь летувіскай арганізацыяй «Пэрспэктывы псыхічнага здароўя».
Удзельнікамі мерапрыемства сталі прадстаўнікі тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва раёнаў Віцебску, гарадзкога цэнтру карэкцыйна-разьвіваючага навучаньня, Міжнароднае грамадзкае аб'яднаньне рэабілітацыі падлеткаў, інвалідаў і пажылых людзей, а таксама іншых грамадзкіх арганізацыяў.
За два дні трэнінгу экспэрт з «Эўрапейскай сеткі незалежнага пражываньня» (Брусель) Франк Сіюн распавёў віцебчукам, што такое партнэрская сетка, як яе ствараць, што трэба для яе эфэктыўнага кіраваньня, і якія асноўныя перавагі і праблемы яе функцыянаваньня. Апроч таго, прысутныя даведаліся пра досьвед эўрапейскіх краін у прасоўваньні ідэі незалежнага пражываньня.
Першае, што падкрэсьліў Франк Сіюн, гэта тое, што ўсе людзі з інваліднасьцю здольныя да асобнага пражываньня, незалежна ад іх стану.
– Незалежнае пражываньне – гэта магчымасьць рабіць выбар: дзе, як і з кім жыць. Калі казаць пра Бэльгію, то ёсьць рэчы, якія працуюць, але ёсьць і такія, якія яшчэ трэба выпраўляць.
Сярод добрага, што можна сказаць пра маю краіну, – у Бэльгіі ёсьць адмысловы бюджэт, то бок адмысловая фінансавая дапамога для незалежнага пражываньня. Напрыклад, у мяне ёсьць грошы, каб наняць каго-небудзь, хто паедзе са мной у Беларусь і будзе мне дапамагаць. Такім чынам, маючы такую магчымасьць, я магу прыехаць да вас і рабіць такія рэчы, як трэнінг, то бок рабіць свой жыцьцёвы выбар і рабіць нешта для сябе. Прычым важна, што дзяржава плаціць гэтыя грошы ня нейкай арганізацыі, а непасрэдна чалавеку, якога я наняў.
Але ня гэткая дасканалая эўрапейская сыстэма, што тычыцца незалежнага пражываньня інвалідаў, як здаецца на першы погляд.
– Так, з такім бюджэтам я магу рабіць свой асабісты выбар, – працягвае экспэрт, – а менавіта: каго наняць, калі і для чаго. Але зь іншага боку, напрыклад, публічны транспарт для мяне недаступны, я не магу сесьці ў аўтобус ці на цягнік і некуды паехаць. То бок для таго каб у мяне была магчымасьць жыць незалежна, мне павінен нехта дапамагаць. Таксама мусіць быць прастора, якое дазволіць мне перасоўвацца.
Таксама ў ліку праблем Франк назваў памяншэньне сродкаў на бюджэт, што ў Эўропе ў цяперашні час зьвязана з рэжымам эканоміі. Інакш кажучы, ліст чаканьня для дапамогі стаў даўжэйшым.
– Так, ёсьць добрыя рэчы ў нашай сыстэме, але яна павінна быць палепшаная, – сказаў на заканчэньне экспэрт.
Распавёў ён і пра ўласны досьвед, пра праблемы, зь якімі яму давялося сутыкнуцца.
– Я хадзіў у агульную школу. Калі скончыў пачатковую і перайшоў у сярэднюю, мне рэкамэндавалі пайсьці ў спэцыяльную. У спэцшколе я правучыўся адзін год, але потым вярнуўся ў звычайную.
Калі я захацеў працаваць, у мяне спыталі, ці ўпэўнены я, што хачу гэтага, бо я маю дапамогу па інваліднасьці, і калі пачну працаваць, то страчу яе частку. Гэта значыць, гэты фокус на тое, што ты нейкі іншы і табе патрэбная асаблівая дапамога – гэта, вядома, не заўсёды дапамагае.
Што тычыцца ажыцьцяўленьня ідэі незалежнага пражываньня, то ў першую чаргу мусіць быць нармальным, што чалавек з інваліднасьцю, напрыклад, ходзіць у звычайную школу, ходзіць у кіно, працуе гэтаксама, як і кожны іншы чалавек, то бок не адбываецца падзелу.
Падрабязна разьбіраючы тэму незалежнага пражываньня, бэльгіец закрануў і Канвэнцыю аб правох людзей з інваліднасьцю, радасна адзначыўшы, што сёлета яе ратыфікавала і Беларусь. Але нават пры наяўнасьці Канвэнцыі, як сказаў Сіюн, праблемы ў Эўропе застаюцца.
– Цяпер, пасьля прыняцьця Канвэнцыі аб правох людзей з інваліднасьцю, адбываюцца пэўныя зьмены, – кажа экспэрт. – Але гэта ня толькі структурная праблема, гэта яшчэ праблема ў галовах людзей, як яны думаюць.
«Праблема ў галовах людзей» – вось адна з галоўных высноваў па выніках гэтага трэнінгу. Так, навучыцца ствараць партнэрскую сетку, удасканальваць свае веды і гэтак далей – усё гэта вельмі патрэбна. Але яшчэ больш важна зразумець, у чым наша (і Бэльгіі, і Беларусі, і іншых краін) асноўная праблема, якая тармозіць далейшае разьвіцьцё.
https://vitebsk.dns.army/news/bezbarernae-asjarodzdze/item/2117-ekspert-z-bruselya-raspavjou-vitsebchukam-pra-pravy-invalidau-na-dosvedze-europy#sigProIda1feab5711
Лізавета Золатнава