Паводле фонду «Белая роза», якім кіруе Святлана Мядзведзева, медалём «За любовь и верность» уганароўваць пары суджонцаў, «зарегистрировавшие брак не менее 25 лет назад, получившие известность среди сограждан крепостью семейных устоев, основанных на взаимной любви и верности, а также добившиеся благополучия, обеспеченного совместным трудом, воспитавшие детей достойными членами общества».
Пра сем’і Сусалкаў і Бурлакаў шэраговыя віцябляне бадай што нічога не ведаюць, а з паведамлення гарадской газеты «Віцьбічы» вынікае хіба наступнае. Пётр і Антаніна Сусалкі разам ужо 61 год, маюць чатырох праўнукаў. Іван і Людміла Бурлакі зарэгістравалі шлюб 54 гады таму, галава сям’і – падпалкоўнік у адстаўцы. Вартыя ўвагі чытачоў падрабязнасці пра «моц сямейнага ладу», «дабрабыт, забяспечаны супольнай працай» і «выхаванне дзяцей годнымі грамадзянамі» чамусьці засталіся па-за газетнымі радкамі.
Медаль «За любовь и верность» – памятны, не прадугледжаны для нашэння на вопратцы. На ім з аднаго боку выбіты выявы Пятра і Феўроніі Мурамскіх – святых, якіх зазвычай згадваюць 8 ліпеня. Гэта «День семьи, любви і верности» у суседняй краіне, пра што сведчыць і надпіс на адваротным баку медаля, размешчаны вакол сімвалічнай выявы кветкі з пялёсткамі колераў расейскага сцяга.
Віцебскія пары атрымалі гэтую ўзнагароду на паўгода раней. Чаму – застаецца такім самым сакрэтам, як і падставы для ўганаравання. Але Андрэй Герашчанка паведаміў, што падобныя цырымоніі неўзабаве пройдуць і ў іншых беларускіх гарадах, а ўсяго ўганаруюць расейскім «шлюбным» медалём 22 беларускія сямейныя пары.
Жанна Жалейка