Апошняя ініцыятыва стала сёлета ўвогуле новым трэндам: работнікі пракуратуры цягам году расказвалі дзецям пра судовую адказнасць за злачынствы і правапарушэнні, пра жахі Вялікай Айчыннай вайны і пра беларускую дзяржаўную сімволіку. Падобна, і самі дашкольныя ўстановы распачалі ўнутрыгаліновае спаборніцтва, хто прыдумае для 3-6 гадовых дзяцей самае ідэалагічна правільнае мерапрыемства. У дзіцячым садку №1 г.Гарадка, прыкладам, стварылі ўласны музей пад назовам «PRO БЕЛАРУСЬ».
У 2022г. перад кіраўніцтвам дашкольных установаў была пастаўлена задача па «Далучэнні дзяцей дашкольнага ўзросту да гістарычнай спадчыны, выкарыстоўваючы музейную педагогіку». У дзіцячым садку №1 вырашылі збіраць матэрыял для тэматычных экспазіцый «Куклы наших бабушек», «Глиняный хоровод», «Белорусская игрушка», «Святы і абрады беларусаў», «Сделано в СССР». Тут сфармаваныя таксама зборы гістарычных рэчаў розных часоў. Усе гэтыя калекцыі аб'ядналі ў музей, названы «PRO БЕЛАРУСЬ». І цяпер установа прэтэндуе на тое, каб ён стаў «цэнтрам патрыятычнага выхавання» для дашкольнікаў рэгіёна.
Цягам гэтага году з Гарадоцкім дзіцячым садку №1праводзіліся і іншыя «патрыятычна- ідэалагічныя» мерапрыемствы, змест якіх быў хутчэй паказушным, чымсьці выхаваўчым для дашкольнага ўзросту. Напрыклад, на сайце ўстановы ёсць фотасправаздачы пра тое, як 4-5-гадовыя дзеці «заклалі Алею Перамогі», слухалі лекцыю пра маршала Івана Баграмяна, пад кіраўніцтвам якога ў 1943г. праходзіла Гарадоцкая вайсковая аперацыя, ускладалі кветкі на вайсковых могілках.
Лявон Каляда