Аўторак, 22 Сакавік 2016

Актывісты аргкамітэту БХД хочуць правесьці пікет супраць спыненьня будаўніцтва шпіталя ў Воршы

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Шматпавярховы корпус шпіталя імя Сямашкі ператварыўся ў “даўгабуд”: яго ня тое што ня могуць здаць у эксплёатацыю – нават давесьці да завяршэньня будаўніцтва. Пікет з гэтай нагоды вырашылі правесьці актывісты аргкамітэту па стварэньні партыі БХД.

У новым дзесяціпавярховым корпусе, будаўніцтва якога распачалося яшчэ ў 2012 годзе, і які ўзводзіцца за сродкі абласнога бюджэту, плянавалі разьмясьціць нэўралягічнае, кардыялягічнае, рэанімацыйнае ды іншыя аддзяленьні. Адкрыцца яны мусілі яшчэ некалькі гадоў таму, але будаўніцтва ніяк не завершыцца: у 2015 годзе работы спынілі, і аднавіць іх абяцаюць толькі ў другім квартале 2016 году. Чарговае абяцаньне – увесьці будынак у эксплёатацыю ў 2017 годзе. Аднак чакаць выкананьня чарговага абяцаньня гараджане стаміліся.

Актывісты аргкамітэту па стварэньні партыі БХД зьвярнуліся ў райвыканкам з заяўкай на пікет, падчас якога яны хочуць зьвярнуць увагу мясцовых уладаў ня толькі на праблему “даўгабуду”. Бо аршанцаў турбуе і нездавальняючая якасьць мэдычных паслуг, і тое, што ў горадзе, дзе шмат беспрацоўных, няўхільна растуць кошт і колькасьць платных паслуг.

Менавіта ўладам адрасаваны зварот актывістаў, бо яны мала спадзяюцца на тое, што Аршанскі райвыканкам дазволіць ім праводзіць вулічную акцыю. Дазволаў на імпрэзы, прапанаваныя з ініцыятывы прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў, у Воршы не даюць з 2009 году, калі зьмяніліся патрабаваньні райвыканкаму да падачы заявак. Да іх трэба прыкладаць дамовы на абслугоўваньня акцыяў работнікамі ЖКГ, мэдыкамі і міліцыяй. Аднак заключыць такія дамовы немагчыма, бо адпаведныя структуры іх папросту не аказваюць… Гэта высьветлілася яшчэ ў лютым 2012 году, калі ў судзе пасьля чарговай забароны пікету юрысты зь міліцыі і паліклінікі ў адзін голас заявілі, што ў іх нават няма прэйскуранту на паслугі паводле заказаў прыватных асоб, і ажыцьцяўленьне такіх паслуг не ўваходзіць у іхныя прафэсійныя абавязкі. Ня мае прэйскуранту на прыборку тэрыторыі на заказ прыватных асоб і прадпрыемства “Спэцаўтабаза”.

Тым ня менш хаця б фактам падачы заяўкі актывісты нагадваюць уладам пра сваё права на выказваньне ўласных меркаваньняў, і пра тое, што на гэтае права, адабранае ў іх, яны не забыліся.

Крыніца: Праваабарончы цэнтар "Вясна"