Зварот да дырэктара аўтапарку выкліканы тым, што зь нядаўняга часу прыпынкі ў аўтобусах абвяшчаюцца па-расейску, хаця раней гучалі абвесткі электроннага прыстасаваньня – дыктара, запісаныя на роднай мове. Перайменаваньняў прыпынкаў апошнім часам амаль не было, чым выкліканая адмена беларускамоўных абвестак – невядома. Актывісты лічаць, што пераход на расейскую мову не спрыяе патрыятычнаму выхаваньню моладзі і не дадае турыстычнай прывабнасьці роднаму гораду.
«У нашай краіне склалася добрая традыцыя абвяшчаць у грамадзкім транспарце прыпынкі па-беларуску. Так робіцца ў Менску, Гомелі, Віцебску, Сьветлагорску, Мазыры і іншых гарадох. Гэта спрыяе разьвіцьцю беларускай культуры, станаўленьню самасьвядомасьці чалавека, выхаваньню яго на нацыянальных каштоўнасьцях і традыцыях Беларусі. У такой сытуацыі зьяўленьне расейскамоўнага дыктара ў Воршы нявыгадна адрозьнівае наш горад ад іншых. Ствараецца ўражаньне, што мы жывём не ў Беларусі і свае традыцыі не шануем. Заклікаем вас вярнуцца да беларускамоўнага абвяшчэньня аўтобусных прыпынкаў у гарадзкім транспарце. Упэўненыя, што гэта будзе спрыяць росту аўтарытэту ўзначальваемага вамі прадпрыемства і будзе ацэнена жыхарамі Воршы як пачатак новай станоўчай культурнай традыцыі», – гаворыцца ў звароце.
Крыніца: Праваабарончы цэнтар "Вясна"