Нядзеля, 23 Красавік 2017

Левыя Віцебску адсьвяткавалі дзень народзінаў Леніна

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Ужо традыцыйна 22 красавіка, у дзень нараджэньня лідэра сусьветнага пралетарыяту Ўладзіміра Ільліча Леніна, віцебскія левыя, прадстаўнікі партыі «Справядлівы Сьвет» (былой «Партыі камуністаў беларускай»), зьбіраюцца ў цэнтры гораду ля помніка правадыру, каб адзначыць знакавую для іх дату ўскладаньнем кветак.

Ня стала выключэньнем і цяперашняя 147-я гадавіна з дня народзінаў Ільліча, як яго любілі называць ідэолягі Савецкага Саюзу. Імпрэза была прызначаная на 11:00, але людзі пачалі падыходзіць за 15-20 хвілінаў да пачатку.

Удзельнікі, што прыйшлі загадзя, сталі паміж сабой абмяркоўваць апошнія палітычныя падзеі ў краіне і абменьвацца думкамі. Акцыі «недармаедаў», карупцыя мясцовай улады, павышэньне пэнсійнага ўзросту і крытыка Лукашэнкі сталі асноўнымі тэмамі «дэбатаў». Не забыліся і пра міністра МУС Шуневіча і ягоных «шунявак», як цяпер прынята ў народзе называць супрацоўнікаў міліцыі.

Ніякіх плякатаў ці сьцягоў ва ўдзельнікаў акцыі заўважана не было. На пытаньне карэспандэнта ВВ «Чаму няма ніякіх транспарантаў?» адзін з удзельнікаў адказаў: «Дык бо цяпер, пасьля акцыяў "недармаедаў", улада моцна спалохалася, і Лукашэнка даў указаньне ўсіх удзельнікаў няўзгодненых акцыяў разганяць і арыштоўваць. А наша акцыя несанкцыянаваная. Таму мы і ня сталі выпрабоўваць лёс. За апошнія шмат гадоў нам не дазволілі ніводнай масавай акцыі. Улада нас проста баіцца! Я хадзіў на прыём у гарвыканкам да Падгурскага і прасіў дазволу правесьці адзіночны пікет. Хацеў паўгадзіны пастаяць з плякатам. Дык мне не дазволілі».

Таксама карэспандэнту было цікава даведацца, як мясцовыя камуністы ставяцца да ініцыятывы Расейскай Дзяржаўнай Думы пахаваць Леніна.

«Катэгарычна супраць! Ленін зрабіў шмат добрага ў ХХ стагодзьдзі для нашай краіны – нашмат больш, чым цяперашняе кіраўніцтва. І многія дагэтуль шануюць яго памяць. І калі ёсьць людзі, якія хочуць прыехаць у Маскву і пакланіцца памяці гэтага вялікага чалавека, то навошта ім перашкаджаць? Хай застаецца ўсё як ёсьць. Мы катэгарычна супраць гэтай ініцыятывы!» – адказаў іншы ўдзельнік акцыі.
Калі колькасьць тых, хто сабраўся, пераваліла за 10, было прынятае рашэньне пачаць ўскладаньне кветак.

Пасьля ўскладаньня, некалькі чалавек сказалі кароткія прамовы, прысьвечаныя Леніну і яго вучэньню, не забыўшыся пры гэтым выказаць сваё нэгатыўнае стаўленьне да цяперашняга беларускага рэжыму. Пасьля заканчэньня акцыі было зробленае групавое фота на фоне помніка. І неўзабаве народ пачаў разыходзіцца.

Варта адзначыць, што ўлада таксама шануе ленінскія традыцыі, і ў дзень яго нараджэньня пасьпяшалася арганізаваць і правесьці суботнікі па ўсёй краіне. Акурат як за савецкімі часамі. Бракавала толькі партрэтаў Леніна па ўсім горадзе.

Уладзімер Бяляўскі

Залагініцца каб дадаць камэнтары