Найбольш падзеяў, прымеркаваных да гэтай даты, адбылося ў Воршы, але, як па мне, вызначыўся Віцебск: у горадзе з прэтэнзіяй на «культурную сталіцу Беларусі» да помніку земляку ўсклалі ўсяго некалькі букетаў. Мяркую, гэтым сказана ўсё…
Ля небанальнага манумэнту тытану нацыянальнага духу – адзінкі ўдзячных, якіх можна пералічыць па пальцах. А дзе настаўнікі са сваімі вучнямі? Дзе ўдзячнае гарадзкое чынавенства? Дзе дзеячы культуры, кіраўніцтва тэатраў і музэяў? Дзе, нарэшце, чытачы, якія калісьці запоем чыталі ягоныя творы?
Ня ведаю як для вас, а для мяне адказ відавочны. Ён просты: паралізаванае нацыянальным нігілізмам грамадзтва скацілася ў абдымкі гэтак званага «рускага сьвету». Аднак парадокс заключаецца ў тым, што скочваюцца ў гэтыя абдымкі ня толькі тыя, для каго беларушчына пусты гук…
Яскравым пацьверджаньнем агучанай высновы можа служыць расповед вядомага віцебчука Барыса Ханонавіча Хамайды, які штогод прыносіць да помніку бел-чырвона-белы букецік кветак:
Якраз у той момант, калі мы пачалі ўскладаць кветкі, да нас падышоў мужчына майго ўзросту.
Ён схіліў голаў, падаў мне руку і сказаў, што мы зь ім нібыта знаёмыя. Пазьней, калі я крыху падумаў, то прыгадаў, што ён некалі падыходзіў да мяне падчас майго стаяньня ля «Сіняга дому» і мы размаўлялі. Ён – былы афіцэр ваенна-марскога флёту – казаў, што знаў Уладзімера Караткевіча асабіста і нават двойчы зь ім сустракаўся. Гэтым ён нас зацікавіў і нават падкупіў. Але самае цікавае пачалося пасьля таго, як мае знаёмыя крыху адышлі і мы засталіся сам-насам. Ён рэзка перайшоў на расейскую мову, хаця перад тым размаўляў па-нашаму. «Ну, ды ладна, – кажа. – Давай шчыра. Украіна адышла, але ж галоўнае цяпер – захаваць славянскае братэрства і адзінства Расеі і Беларусі».
Я на яго паглядзеў: для мяне гэта было настолькі нечакана, што я на нейкі час аслупянеў. Уявіце, мы перад тым прыхільна размаўлялі, фатаграфаваліся каля помніку папярэдніку сучаснага беларускага нацыянальнага адраджэньня. Я быў настолькі ўзрушаны, што нават торбу забыў ля помніку. Толькі калі мы адышлі, я ўспомніў, што ў рукох у мяне была торба. Я ж напачатку думаў, што перада мною сур’ёзны прыхільнік беларушчыны. Ён з такой пашанай паставіўся да памяці Ўладзімера Сямёнавіча.
– Паслухайце, Украіна свой шлях выбрала. Прыйдзе час – і мы абяром свой шлях, – кажу я яму.
– Не, паслухайце, мы павінны быць разам.
Нейкі час мы зь ім яшчэ паразмаўлялі на гэты конт, але я яму не сказаў самага галоўнага: што рабіць людзям з гэткімі думкамі пасьля таго, як з сучаснай Расеяй адбудзецца тое самае, што адбылося ў 1991 годзе з Савецкім Саюзам, калі той ляснуў… Тады куды ім бегчы, да каго хінуцца?
Ты ведаеш, у мяне склалася гэткае ўражаньне, што ён падыйшоў менавіта ў той час, калі мы дакрочылі да помніку, бо свой букет ён паклаў раней.
С. Горкі, Віцебская вясна