Серада, 27 Студзень 2016

Жыхары Новалукомля пратэстуюць супраць платнай рыбалкі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Аляксей Габрыэль Аляксей Габрыэль

Перад будынкам гарвыканкаму адбыўся стыхійны мітынг, у якім узялі ўдзел каля 200 пратэстоўцаў, ня згодных штораз плаціць па 50 тысяч рублёў за магчымасьць лавіць рыбу ў Лукомскім возеры. Пра мітынг і сустрэчу са старшынём гарвыканкаму распавёў кіраўнік суполкі Свабоднага прафсаюзу Беларускага на Лукомскай ДРЭС Аляксей Габрыель.

Паводле словаў прафсаюзнага лідэра, рыбалка тут была бясплатная. Большасьць мясцовых жыхароў нават і ня ведала, што Лукомскае возера аддадзенае ў арэнду прыватнаму прадпрымальніку і што той увёў плату за рыбалку. Між тым рыбалка на гэтым возеры – традыцыйны занятак для жыхароў гораду.

Возера – тэхнічны вадаём ДРЭС, тлумачыць актывіст Свабоднага прафсаюзу: «У нас працуе восем блёкаў, і кандэнсат спускаюць у возера, ён цёплы – +25 градусаў. Вада ў гэтым месцы не замярзае, дужа актыўна растуць водарасьці. Таму адмыслова запускаюць малькоў таўсталобіка, каб ён еў расьліннасьць. Таўсталобік гадуецца ў Лукомскім возеры вялікі, пад 30 кіляграмаў. Дык што гэта? Мы працуем на ДРЭС, а з нас яшчэ грошы дзяруць? Людзі ня ведалі, пайшлі ў выходныя, а там ім кажуць: „Плаці!“ А што „плаці“, каму „плаці“? За што „плаці“?»

Дарэчы, каб заплаціць, трэба адмыслова ехаць далёка за горад, у рыбалавецкую гаспадарку, шукаць там бухгальтара – і толькі тады выпраўляцца на рыбалку. Пахадзіўшы так у валёнках ды з усім рыштункам, не захочаш той рыбы, кажа Аляксей Габрыель.

Ён быў сьведкам, як каля дзьвюх соцень абураных жыхароў Новалукомля сабраліся каля гарвыканкаму. Адбыўся стыхійны мітынг. Зь людзьмі размаўляў старшыня гарвыканкаму Віталь Фадзееў. Ён патлумачыў, што рашэньне пра перадачу возера ў арэнду прыняў Віцебскі аблвыканкам, і менавіта там трэба пытацца, чаму арандатар абвясьціў пра платную рыбалку.

27 студзеня Аляксей Габрыель асабіста пабываў на прыёме ў старшыні гарвыканкаму. Кажа, што спадар Фадзееў разумее бязглуздасьць сытуацыі – чаму ў той час, калі ў гарадзкім бюджэце мала грошай, калі не рамантуюцца дарогі і гібее гарадзкая інфраструктура, арандатар спаганяе за рыбалку грошы, прычым ідуць яны зусім не ў мясцовы бюджэт? Хай бы сабе яшчэ плата была 50 тысяч хоць раз на месяц, але ж ня штораз... Старшыня гарвыканкаму паабяцаў пісьмова зьвярнуцца ў Віцебскі аблвыканкам і хадайнічаць, каб платную рыбалку адмянілі.

Актывіст СПБ Аляксей Габрыель згадвае, што падобная сытуацыя ў Новалукомлі ўжо была гадоў 10 таму. У той час Лукомскае возера аддалі ў арэнду Чашніцкай ПМК, і арандатары таксама спрабавалі ўвесьці плату за лоўлю рыбы. Тады цэлая дэлегацыя на чале з прадстаўнікамі СПБ з Лукомскай ДРЭС паехала ў Савет міністраў і змагла давесьці, што робіцца несправядлівасьць. Праз пару тыдняў плату за рыбалку скасавалі. Цяпер сытуацыя паўтараецца.

Крыніца: Радыё Свабода