Аўторак, 11 Люты 2025

За «распаўсюд экстрэмізму» будуць судзіць Віктара Вялюгу – дырэктара згарэлага ГЦ «Беларусь»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Разгляд справы вядомага ў Віцебску бізнесоўца, распачатай па ч.2 арт.1911 КаАП, анансаваны на 19 лютага. Ен пройдзе ў судзе Чыгуначнага раёна Віцебска. Суддзёй традыцыйна прызначана Кацярына Цыбульская – пераважна ёй у гэтым судзе аддаюць на разгляд палітычныя «адміністратыўкі».

Звяртае на сябе ўвагу той факт, што неўзабаве пасля пажару ў гандлёвым цэнтры Віктар Вялюга быў затрыманы: афіцыйныя СМІ паказалі яго ў наручніках. Паводле папярэдняй версіі следчых, пажар у «Беларусі» здарыўся праз тое, што пераробленая з ведама гаспадара аўтаправодка была ненадзейнай. Ці прызналі адказным за парушэнні ўладальніка Віктара Вялюгу, невядома. Але выглядае, што ён на волі.

Падчас пажару з ГЦ «Беларусь» былі эвакуяваныя больш за 250 чалавек, у медустановы трапілі два дзясяткі пацярпелых. Будынак цэнтра прызналі непрыдатным для далейшага выкарыстання і мяркуюць знесці.

У афіцыйных СМІ час ад часу «усплываюць» прапановы ад кіраўнікоў горада, што можна зрабіць на гэтым месцы. У прыватнасці, есць прапанова збудаваць там кінатэатр – тым болей, што гандлёвы цэнтр якраз-такі і быў размешчаны ў пераабсталяваным будынку кінатэатра «Беларусь».

Аднак пра тое, як ідзе следства па факце пажара, ці знойдзены вінаватыя і хто адкажа за здарэнне, віцебскай грамадскасці нічога не паведамляюць.

Максім Пятроў