Паводле Яўгена Карпаса, у Крымінальным Кодэксе ёсць артыкул, які прадугледжвае адказнасць за распаўсюджванне фэйкаў. І гэта артыкул 369-1 КК РБ. Насамрэч ён называецца «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь», і тычыцца распаўсюджвання не любых непраўдзівых звестак, а толькі інфармацыі наконт «палітычнага, эканамічнага, сацыяльнага, вайсковага або міжнароднага становішча Беларусі», звестак пра прававое становішча грамадзян, дзейнасць органаў улады і гэтак далей.
Далей журналіст пералічвае артыкулы Крымінальнага Кодэкса, якімі прадугледжана адказнасць за абразу ці паклёп на прэзідэнта, абразу прадстаўнікоў улады. Пры гэтым аўтар падрабязна спыняецца на жорсткіх пакараннях за гэткія правіны. Але толькі мімаходзь узгадвае, што крымінальная адказнасць можа наступіць і за абразы асобных краінаў, народнасцяў, прыхільнікаў рэлігійных плыняў. Што ж, для некаторых чытачоў дзяржаўнай газеты гэта можа стацца падставамі для роздуму на тэму, чаму дзяржаўныя прапагандысты не бянтэжацца выказвацца самым нелітаратурным чынам пра Украіну, Польшчу, Літву і іх грамадзянаў, але ніякіх спагнанняў не атрымліваюць...
Прадстаўнік пракуратуры тлумачыць таксама розніцу паміж паклёпам і абразамі, асабліва ў публічнай прасторы, згадвае нумары артыкулаў і тэрміны пакаранняў. Але не канкрэтызуе, чаму шэраговым грамадзянам яны пагражаюць, але асобам, якія афіцыйна гэта робяць у інтэрнт- прасторы і з тэлеэкрана, дазваляецца і даруецца ўсё – і абразы, і паклёп, і фэйкі.
Практычна адначасова з артыкулам на сайце абласной газеты быў быў апублікаваны и «папераджальны» допіс у Telegram-канале «Северная столица», блізкім да віцебскіх сілавікоў. Яго аўтары таксама не імкнуліся дакладна выкласці палажэнні заканадаўства, і сканцэнтраваліся выключна на запалохванні грамадзян. Чаго вартая, да прыкладу, адна тэза пра тое, што «Кто нарушит закон - попадёт в публичный список экстремистов».
Петр Карэтнікаў