Хірург Міхаіл Пачкоўскі і ўролаг Павел Стальмакоў былі асуджаны да 15 сутак арышту паводле арт. 19.11 КаАП («Распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць»). Загадчыца аддзялення гінекалогіі Ірына Васільева і фельчар хуткай дапамогі Наталля Первянёнак адбылі па 10 сутак арышту паводле арт. 24.23 КаАП («Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў») за фотаздымкі і «аватаркі» са сцягам Украіны ў сацыяльных сетках.
Між тым, звальненне за прагул паводле працоўнага заканадаўства з“яўляецца далёка не адзіным магчымым дысцыплінарным спагнаннем. Паводле арт. 189 Працоўнага кодэксу, за парушэнне працоўнай дысцыпліны кіраўнік можа абмежавацца заўвагай, вымовай, пазбаўленнем прэміяльных выплат або іх часткі. Звальненне з“яўляецца скрайняй, але не абавязковай мерай уздзеяння на работніка, але выбар спагнання застаецца за кіраўніком установы.
Разумеючы верагоднасць судовых цяжбаў за аднаўленне на працы, кіраўнікі часта ідуць на хістрасць: прапануюць «непажаданым» супрацоўнікам напісаць заяву на сыход па ўласным жаданні пад пагрозай пакінуць негатыўны запіс у працоўнай кніжцы. Вынік, што да Наваполацкай гарадской бальніцы, практычна аднолькавы: звальненне (добраахвотнае ці гвалтоўнае) вядучых адмыслоўцаў пойдзе толькі на шкоду іх цяперашнім або патэнцыйным пацыентам. Бо ў Наваполацку назіраецца такі самы дэфіцыт медычных кадраў, як і па ўсёй Беларусі.
Міхась Хмара