Падставай стаў бел-чырвона-белы сцяг, які, па розных крыніцах, быццам хтосьці павесіў ля возера ці кінуў у возера Кагальнае ў цэнтры горада. Зараз шукаюць гэтага чалавека і сімвліку, якая магла застацца яшчэ ў кагосьці.
Таксама на прадпрыемствах і ва ўстановах горада людзей час ад часу чыноўнікі вучаць жыццю. Гэта звычайна адбываецца на агульных сходах па пятніцах. Там распавядаюць, як паводзіць сябе “правільна” ў сацыяльных сетках, што лайкаць і чаго не посціць, як абіраць сабе сяброў і г.д. Але часам даходзіць увогуле да абсурду. Напрыклад, у самай дэмакратычнай і пратэставай калісьці арганізацыі “Глыбоцкія электрычныя сеткі”, дзе звольнілі частку работнікаў за нелаяльнасць да ўладаў, а іншых прымусілі прыніжацца і публічна выказацца, што яны не мелі рацыі, бо ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту і асуджалі гвалт уладаў, пайшлі яшчэ далей. Нядаўна там правялі сход сярод работнікаў і давялі да іх ведама тое, што трэба перагледзіць стаўленне да навучання дзяцей за мяжой. Тым, у каго дзеці навучаюцца ў замежжы, параілі вярнуць іх на радзіму, а калі яны там застануцца, ледзь не адрачыся ад іх, каб такім чынам застацца на працы.
Людзі ў Глыбокім зараз баяцца ўсяго – тэлефанаванняў, стасункаў ў сацыяльных сетках, з падазрэннем ставяцца адно да аднаго, бо пачало развівацца “стукацтва”. Але такая сітуацыя па ўсёй Беларусі.
Сямён Вілій