Аляксандр Шаўцоў з'яўляецца настаяцелем парафіі Святога пакутніка Язафата -- ачольвае ўніяцкую полацкую грамаду на працягу ўжо болей як 10 гадоў. Шмат у чым дзякуючы яму паміж рознымі парафіямі грэка-каталікоў наладжаны добрыя сяброўскія стасункі. Таму звесткі пра затрыманне айца Аляксандра ўзрушыла не толькі полацкіх вернікаў.
Ёсць верагоднасць, што святару будуць закідаць "несанкцыянаванае пікетаванне" праз сацыяльныя сеткі: ягоны фотаздымак ў Фэйсбуку аздоблены так званай "рамкай" з надпісам чырвонымі літарамі на белым фоне "Маліцеся за Беларусь".
Стала вядома, што сёння таксама быў затрыманы ксёндз Андрэй Кулік, пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мёрах.
Ксёндз Андрэй з'яўляецца пробашчам мерскай парафіі з 23 чэрвеня 2019 г. , таксама быў пробашчам парафіі ў Дзісне (да 06.09.2020г.). Ён нарадзіўся на Гарадзеншчыне, але значны час свайго служэння аддаў Віцебшчыне, пасля святарскіх пасвячэнняў атрымаўшы першае накіраванне ў Гарадок. З 21 красавіка 2005г. па 31 мая 2012 г. быў адміністратарам у Падсвіллі. Падчас свайго служэння ў парафіі займаўся завяршэннем будаўніцтва і правядзеннем унутраных работ у новым касцёле, асвячэнне якога адбылося 30 ліпеня 2011 года. Далей была праца ў парафіі св.Уладыслава ў Віцебску (мікрараён Білева), а потым — у парафіі Святога Язафата Кунцэвіча ў Канстанцінаве (Глыбоцкі раён).
З 28 верасня 2014г. па 22 чэрвеня 2019 г. апекаваўся парафіяй Унебаўшэсця Пана ў вёсцы Дзеркаўшчына. Падчас сваёй душпастырскай дзейнасці святар значную ўвагу надаваў рабоце з дзецьмі і моладдзю. Некалькі апошніх гадоў служыў у Мёрах.
Пакуль рыхтаваўся гэты матэрыял, стала вядома пра затрыманне 25 траўня яшчэ аднаго каталіцкага святара. На Мершчыне затрымалі Вячаслава Адамовіча, пробашча парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Якая Носіць Скапулярый ў Ідолце.
Міхась Хмара