Паводле міліцыянта, пастаўчане распаўсюджвалі ў інтэрнэце ў месэнджарах Viber, WhatsApp, Telegram інфармацыю з прызнаных уладамі Беларусі так званых экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў ды іншых крыніц. Тут ён называе NEXTA, TUT.BY, «Белсат», «Хартыя’97» і г.д. Альбо захоўвалі гэтую інфармацыю з мэтай распаўсюду. І як жа гэта гучыць пафасна! Такая вялікая небяспека для ўладаў у гэтым! Хаця, сапраўды, улады не жадаюць, каб людзі ведалі аб’ектыўную інфармацыю пра тое, што адбываецца ў краіне, бо адразу згубяць свой штучна пабудаваны стабільны вобраз нават у сваіх прыхільнікаў, якія нарэшце празеюць. Хоць, можа, і не ўсе, але ж гэта можа адбыцца.
Нагановіч кажа, што зробленыя карыстальнікамі сацыяльных сетак на сваіх старонках рэпосты і пастаўленыя лайкі падпадаюць пад адміністрацыйную адказнасць. І, канешне, міліцыянт не тлумачыць, што гэтыя дзеянні ўладаў парушаюць і Канстытуцыю Беларусі, і артыкул 19 Міжнароднага пакта аб палітычных і грамадзянскіх правах. Ім жа трэба і надалей запужваць народ, каб ён не змог не тое, што адкрыта выказвацца ўслых супраць уладаў, але і нават ставіць падабайкі ці рэпосты пад тым, што ім падабаецца.
І, канешне, напрыканцы свайго каментара для сайта мясцовай раёнкі, міліцыянт Нагановіч застрашвае людзей пакараннем за дзеянні падобнага характару. А такіх людзей ён называе прыхільнікамі экстрэмізму. Менавіта тых, хто ставіць лайкі, рэпосты, а не тых, хто прадаставіў тэрыторыю Беларусі для паветраных удараў ракетамі і дронамі па Украіне, не тых, хто размяшчаў і лячыў на тэрыторыі краіны расейскіх салдат-агрэсараў, не тых, хто збіваў на акцыях і катуе і катуе беларусаў у турмах і г.д.
Вядома ж, трэба быць паслухмяным выканаўцам, не бачыць далей свайго носу, застрашваць людзей – вось такія людзі патрэбныя сістэме. А яшчэ яны за тое, што згубілі сумленне, атрымліваюць немалыя грошы і льготы. Чым не галоўны козыр для недалёкіх людзей, дзеля гэтага яны і будуць выслугоўвацца і караць невінаватых. Вось толькі ці пойдуць на вайну гэтыя прыкарытнікі, калі ім гэта загадаюць, каб абараняць лукашэнкаўскі рэжым? Яшчэ невядома. Гэта ж не змагацца з так званымі прыхільнікамі экстрэмізму ў сацыяльных сетках.
Павел Нагановіч ў сваім каментары нагадаў, што за распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да так званай экстрэмісцкай дзейнасці ці прапагандуе яе, а таксама выраб, захоўванне або перавозка з мэтай распаўсюджвання названай прадукцыі па артыкуле 19.11 КаАП прадугледжаны штраф да 20 базавых для фізічных асобаў, для ІП – ад 20 да 50, і для юрыдычных асобаў – ад 50 да 200 базавых. Штраф за распаўсюд прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс так званых экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб і выданне, захоўванне або перавозка з мэтай яе распаўсюду для фізічных асобаў – ад 10 да 30 базавых штрафу, для ІП – ад 50 да 100, і для юрасобаў – ад 100 да 500 базавых велічыняў штрафу.
Як зазначае міліцынт, сумы немалыя і яны прымушаюць задумацца, ці варта парушаць закон. Толькі вось які закон, калі міліцыянты самі ў дадзеным выпадку яго парушаюць? Але яны, відаць, узялі такі ж курс, як і кіраўнік краіны: цяпер не да законаў.
Сяргей Азерны