72 гадзіны жыхарка Наваполацку мусіла правесці за кратамі, а 3 верасня Наваполацкі гарадскі суд вынес пастанову аштрафаваць яе за антываенную акцыю. Суддзя Зінаіда Балаболава прызнала Ганну Тукаву вінаватай за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў (арт. 24.23 КаАП). На волю жанчына пакуль не выйшла: яе зноў затрымалі на 72 гадзіны, а 8 верасня асудзілі другі раз, цяпер паводле паводле арт. 19.11 КаАП за падпіску ў «ВКонтакте» на два «экстрэмісцкія» каналы. Суддзя Зінаіда Балаболава зноўку прысудзіла ёй штраф.
Паколькі пасля суду Ганна Тукава так і не выйшла з-за кратаў, праваабаронцы мяркуюць, што супраць яе распачалі ўжо трэцюю адміністрацыйную справу.
Ганна Тукава не з’яўляецца апазіцыйнай актывісткай, але мае актыўную грамадскую пазіцыю. Не так даўно яна стала гераіняй артыкула мясцовага незалежнага сайта, калі адмысловым чынам павіншавала сваю маці з днём нараджэння – яна замовілі для яе і родных экскурсію па гістарычным цэнтры Полацку на беларускай мове. Таксама з мясцовых паблікаў вядома, што жанчына займаецца танцамі ў розных аматарскіх суполках і выступае ў спектаклях наваполацкага народнага тэатру.
Міхась Хмара