Панядзелак, 18 Ліпень 2022

Ксёндз Андрэй Вашчук асуджаны да 15 сутак арышту

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Працэс прайшоў у судзе Першамайскага раёну Віцебску, афіцыйных абвестак пра яго ў раскладзе працы суду не было, хаця вернікі хацелі падтрымаць святара падчас судовага разбору. Ксёндз Андрэй Вашчук асуджаны паводле арт. 24.23 КаАП за нібыта парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемстваў.

Ксёндз Андрэй Вашчук ужо некалькі гадоў служыць пробашчам у віцебскай парафіі Святога Духа. Ён шмат працуе з моладдзю, не губляе сувязяў, што да рэлігійных справаў, і са сваёй малой радзімай – Браслаўшчынай.

15 ліпеня ён быў затрыманы супрацоўнікамі Першамайскага РАУС, мінулыя выходныя святар правёў за кратамі ў ізалятары часовага ўтрымання. Біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юры Касабуцкі на сваёй старонцы ў Facebook звярнуўся са зваротам да вернікаў, а таксама да святароў з нагоды арышту ксяндза Андрэя Вашчука:

«Хачу папрасіць усіх неабыякавых людзей аб малітве за каталіцкага Святара, ксяндза Андрэя Вашчука, сальватарыяніна, які знаходзіцца за кратамі. Гэта Святар (я свядома пішу гэта слова з вялікай літары ў дачыненні да айца Андрэя) паводле Божага Провіду і высакародны Чалавек. Айцец Андрэй цалкам адданы Богу, Касцёлу і людзям. Служыць усім, аддаючы сябе без рэшты. Мы молімся за ўсіх, каму патрэбна Божая дапамога падчас выпрабаванняў, асабліва ў часе пераследу і рэпрэсій. Наша малітва – гэта сіла і моц, гэта тая «добрая частка», якая не адымецца ў нас ».

Віктар Жукоўскі