Панядзелак, 08 Сакавік 2021

На 8 Сакавіка жанчыне заблакавалі картку, каб спагнаць штрафы з яе пенсіі

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)
Валянціна Крыштопенка Валянціна Крыштопенка

Пенсіянерка па інваліднасці Валянціна Крыштопенка напярэдадні жаночага свята даведалася, што яе асабісты рахунак, на які прыходзіць пенсія, недаступны – картка заблакаваная. Такі падарунак жанчыне зрабілі судовыя ўлады, каб спагнаць з пенсіянеркі штрафы, прысуджаныя ёй за ўдзел у «несанкцыянаваных» шэсцях і пікетаваннях паводле колішняга арт. 23.34 КаАП.

«Такі падарунак зрабілі мне...»

«Я атрымліваю пенсію крыху больш за 400 рублёў, а агульная сума штрафаў, якія мне прысудзілі, ужо сягае амаль 1000 долараў. Уся пенсія ідзе на аплату кватэры, лекі і харчы, але ў лютым і сакавіку я адклала 70 рублёў і заплаціла за штрафы. Колькі магла! А ўчора пайшла да банкамату і даведалася, што мая картка ўжо заблакаваная. Такі падарунак зрабілі мне на 8 Сакавіка», – кажа Валянціна Крыштопенка.

Выканаўчае справаводства на пенсіянерку завялі 19 лютага. Патрабаванне аб спагнанні сумы штрафу па адміністрацыйным правапарушэнні ў памеры 675 рублёў выдаў суд Віцебскага раёну. Гэты штраф – 25 базавых велічынь – Крыштопенцы прысудзіў 4 снежня суддзя Міхаіл Зубеня за ўдзел у шэсці памяці Рамана Бандарэнкі 15 лістапада. Але ўжо пасля гэтага той жа суддзя пакараў жанчыну штрафам у памеры 1160 рублёў за біблійную цытату пра «ўладаранне бязбожніка» («несанкцыянаванае пікетаванне»). Таму выстаўлены судовымі выканаўцамі рахунак будзе большы.

Прасіла растэрмінаваць - суддзя не дазволіў

Валянціна Крыштопенка тлумачыць, што звярталася ў суд з просьбай аб растэрміноўцы прысуджаных штрафаў на 6 месяцаў. Але суддзя Міхаіл Зубеня хадайніцтва адхіліў: нібыта Крыштопенка не паказала суду ніякіх доказаў абгрунтаванасці яе хадайніцтва.

«Такім чынам, улічваючы, што Крыштопенка В.В., зʼяўляючыся інвалідам 1-й групы, безумоўна мае пастаянную крыніцу даходу ў выглядзе пенсіі, што дазваляе ёй выплачваць штраф, суддзя не знаходзіць магчымым задаволіць заяву аб растэрміноўцы аплаты штрафу», – гаворыцца ў пастанове суддзі Зубені.

Паводле ранейшага адміністрацыйнага артыкулу 23.34 («Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў») Валянціну Крыштопенку судзілі ў 2020-м і 2021-м гадах 4 разы. Пенсіянерка атрымала спачатку папярэджанне, потым яе аштрафавалі на 7 базавых велічынь, 4 снежня – на 25 базавых, а 11 лютага – на 40 б.в.

Падчас мірных шэсцяў у Віцебску Валянціна Крыштопенка перамяшчалася на інвалідным вазку, бо ёй цяжка хадзіць. Да цэнтру гораду дабіралася на таксоўцы: жанчына жыве ў пасёлку Кастрычніцкая Віцебскага раёну. Яна мае інваліднасць 1-й групы.

Зміцер Міраш