Справа аб адміністрацыйным правапарушэньні, прадугледжаным ч.2 арт.23.45 КаАП (Незаконнае нашэньне формы адзеньня ваенізаваных арганізацый РБ) у дачыненьні да жыхара Браслаўскага раёну была разгледжаная 31 ліпеня.
Устаноўлена, што 15 ліпеня грамадзянін Л. знаходзіўся на вуліцы адной зь вёсак Браслаўскага раёну ў форменным адзеньні супрацоўніка ўнутраных справаў са знакамі адрозьненьня, хоць ня меў на тое права. Істотнай шкоды грамадзянам, дзяржаўным і грамадзкім арганізацыям не прычыніў.
Згодна з пастановай суду, грамадзянін на падставе ч.2 арт.23.45 КаАП быў пакараны адміністрацыйным штрафам у памеры 7 базавых велічынь (178,5 рублёў).
Форменнае адзеньне супрацоўніка органаў унутраных справаў канфіскаваная.
Пастанова суду пакуль не набыла законную сілу.
Раней прэс-служба УУС Віцебскага аблвыканкаму паведамляла, што фальшывы міліцыянт зь сяржанцкімі пагонамі расьпіваў у грамадзкім месцы віно і што на яго быў складзены яшчэ пратакол на падставе ч.1 арт.17.3 КаАП (Расьпіцьцё алькагольных напояў у грамадзкім месцы). Ці разглядаўся ў судзе пратакол за гэтае правапарушэньне і ці атрымаў за яго вясковец штраф, не паведамляецца.