У той дзень нічога незвычайнага не адбывалася: як заўжды, Барыс Хамайда выставіў каля “сіняга дому” свой столік пад бел-чырвона-белым парасонам, расклаў часопісы ды газэты. Але загадчыца бліжэйшай крамы выклікала міліцыю. Пастанову пра штраф даслалі па пошце.
“Камісія мяне двойчы выклікала, але я туды не хадзіў, бо лічу, што гэтая ўлада нелегітымная. У суботу мне прыйшоў пакет, а ў ім пастанова, што далі адну базавую велічыню штрафу. Плаціць ня буду добраахвотна, няхай вылічваюць з пэнсіі тую адну базавую”, – расказаў Барыс Хамайда.
У сакавіку і красавіку гэтага году пратаколы за загрувашчваньне вуліцы на Барыса Хамайду складалі тройчы. Два зь іх скасавалі, бо не знайшлі доказаў супраць распаўсюдніка.
Штраф па трэцім пратаколе далі мінімальны: санкцыя артыкула 21.14 КаАП (парушэньне парадку ўтрыманьня населеных пунктаў) прадугледжвае да 5-ці базавых велічынь штрафу.